За 2020 год Беларусь страціла кожнае пятае турагенцтва
За 2020 год у Беларусі перастала існаваць кожная пятая турыстычная кампанія. Гэта адбылося на фоне пандэміі COVID-19 і глабальнага лакдаўну.
"Прыкладна 20% невялікіх турыстычных агенцтваў, па нашых ацэнках, сышлі з рынку па выніках працы 2020 года", — кажа кіраўніца Рэспубліканскага саюза турыстычных арганізацый Аксана Бічун у інтэрв'ю smartpress.by.
Па яе словах, турфірмы спадзяваліся, што ў Беларусі прымуць меры падтрымкі кшталту тых, якія выкарыстоўваліся ў іншых краінаў. Але турфірмы не атрымалі ні субсідый, ні льготнага крэдытавання, ні падатковых вакацыяў.
Частка кліентаў пагадзілася перанесці выкупленыя ў 2020 годзе туры на 2021-ы. Аднак сёлетні год для туркампаніяў таксама выглядае не вельмі перспектыўным. Многія турфірмы кампенсавалі ад 60% да 80% абавязацельстваў, узяўшы грошы з абароту.
Але ў фірмаў ёсць яшчэ запазычанасці па падатках, заробках, камунальных ды іншых паслугах. Па словах Бічун, у галіне назіраюцца масавыя звальненні работнікаў, шшто выклікана катастрафічнай страта аб'ёмаў выручкі — да 80%. Каля 60% спецыялістаў перайшлі на іншую працу.
"Нам спатрэбіцца гадоў пяць-сем для таго, каб аднавіцца і выйсці на аб'ёмы 2019 года", — канстатуе спецыяліст.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.