За атрыманне "замежнай дапамогі" праз INeedHelpBY судзяць мінімум 65 чалавек
Дапамога сем'ям палітвязняў INeedHelpBY
Пад судовы пераслед за атрыманне "замежнай дапамогі" праз INeedHelpBY трапілі як мінімум 65 чалавек, паведамляюць праваабаронцы. Іх вінавацяць паводле арт. 24.15 КаАП ("выкарыстанне замежнай дапамогі для ажыццяўлення экстрэмісцкай дзейнасці").
Як паведамлялася раней, масавы рэйд сілавікоў па сваяках палітвязняў і былых палітвязняў адбыўся напрыканцы студзеня. Пад пераслед трапілі не менш за 257 чалавек, большасць з якіх — жанчыны. Адной з прычын рэйду стала прадуктовая дапамога сем'ям ад ініцыятывы INeedHelpBY, якую ўлады прызналі "экстрэмісцкім фармаваннем".
Па рашэннях судоў некаторым ужо прызначылі вялікія штрафы з кампенсацыяй сумы "замежнай" аплаты. "Вясна" распавядае пра вынікі пераследу беларусаў за прадукты для сем'яў палітзняволеных.
У пратаколах паводле арт. 24.15 КаАП гаворыцца, што людзі "атрымалі і выкарысталі замежную бязвыплатную дапамогу ў выглядзе таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў, набытых у інтэрнэт-краме "Еўраопт" ад замежнага аб'яднання "INeedHelpBY", у мэтах іншай экстрэмісцкай дзейнасці, выяўленай у публічнай загадзя неправамернай легітымізацыі дзеянняў асоб, якія ўчынілі правапарушэнні і злачынствы, у тым ліку шляхам надання ім псеўдастатуса "палітвязняў", незаконным нівеляванні наступстваў прыцягнення да адказнасці, чым стварылі пагрозу прычынення шкоды дзяржаўным і грамадскім інтарэсам".
Гэты артыкул КаАП прадугледжвае штраф ад 10 да 30 базавых велічыняў (цяпер гэта ад 400 да 1200 рублёў) з канфіскацыяй гэтай дапамогі.
У судзе Барысаўскага раёна 9 лютага судзілі Аксану Хіневіч — маці былога палітвязня Анатоля Хіневіча. Яе аштрафавалі на 800 рублёў (20 базавых велічыняў) і прызначылі выплаціць кампенсацыю дапамогі — 2854 рублі і 45 капеек.
Як распавядала Еўрарадыё па гэтым жа артыкуле 26 студзеня былі аштрафаваныя дзве лідчанкі. Абедзвюм прысудзілі штрафы ў 1000 рублёў. Таксама яны абавязаныя выплаціць сумы, на якія атрымалі прадуктовую дапамогу — 5241 рубель і 18 143 рублі адпаведна.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.