За час чэмпіянату актывісты правядуць 31 тысячу перыядаў пад арыштам

У зборнай Беларусі 25 хакеістаў. Апазіцыйных актывістаў таксама затрымалі ўжо на поўную зборную.

"Прэвентыўныя затрыманні былі заўжды. Былі з розным размахам, але такой колькасці я не памятаю", — кажа праваабаронца Наста Лойка.

Пакуль увесь свет будзе гуляць у хакей, за кратамі мінскага ізалятара на Акрэсціна будуць раскладаць партыі, магчыма, у карты 27 чалавек, якіх затрымалі перад чэмпіянатам.

На ўсіх яны атрымалі 432 сутак арышту. У хакеі гэта выдаленне з пляцоўкі на 10368 гадзін. За гэты час можна згуляць 5184 матчаў. Наша хакейная зборная за ўвесь час свайго існавання згуляла ў 10 разоў меней.

Некаторыя актывісты выйдуць раней, чым скончыцца чэмпіянат. Але і гэта можна выправіць.

"Людзі будуць выходзіць яшчэ пад час самога чэмпіянату. Але мы неаднаразова сутыкаліся з такой з’явай: калі актывісты павінныя выйсці падчас нейкай падзеі, выкарыстоўваецца працэдура перазатрымання. Адвозяць у РАУС, складаюць новы пратакол і дакідваюць яшчэ сутак. Ёсць меркаванне, што такое будзе і цяпер".

Праваабаронцы кажуць, што пакуль могуць ведаць не пра ўсіх затрыманых, а колькасць тых, каго міліцыя шукае, разы ў два большая. Бо ёсць задача зачысціць людзей па спісе.

"Ёсць устаноўка зачысціць розныя нефармальныя групы і актывістаў. Потым супрацоўнікі міліцыі гэта паказваюць як справаздачу пра эфектыўнасць сваёй працы. Таму затрыманыя вельмі розныя. Адзінае, што іх аб'ядноўвае, — грамадская актыўнасць і адвольнае затрыманне. Іх судзяць па сфабрыкаваных пратаколах".

Павел Вінаградаў і не сумняваўся, што правядзе час за кратамі, таму глядзець хакей ён будзе па тэлевізары ў Бярозе, куды з'ехаў задоўга да чэмпіянату.

У інтэрнэце зрабілі “таталітарызатар”. На сённяшні дзень 1141 чалавек зрабіў стаўку на тое, каго з актывістаў затрымаюць першым. Цяпер са спісу сядзіць 3 чалавекі, двух выпусцілі, аднаго шукаюць. Лідар апытання — Павел Вінаградаў, другое месца — Зміцер Дашкевіч (яго акурат пасадзілі), трэцяе — Ілля Дабратвор.

Аўтары “таталітарызатара” адзначаюць, што ад моманту, калі пачаліся затрыманні, колькасць тых, хто галасуе, зменшылася. Жарты жартамі, але прагнозы пачалі збывацца...

Спіс затрыманых пастаянна абнаўляецца. Паглядзець актуальную інфармацыю можна тут.

Пасля чэмпіянату стала вядома, што на суткі пасадзілі не толькі актывістаў: "Турма цалкам забітая прастытуткамі, бамжамі і алкашамі"

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі