За дзяцей, якіх прывялі ў школу за гадзіну да заняткаў, прапаноўваецца плаціць
Платная "прадлёнка" для школьнікаў выклікала гарачае абмеркаванне ў сацсетках. У групе "Тыповы Барысаў" у сацыяльнай сетцы "Вконтакте" была апублікаваная абвестка з адной са школ. Бацькам паведамляюць, што ў школе перад заняткамі будзе працаваць платная ранішняя "прадлёнка". За паўтары дадатковыя гадзіны ў школе (з 7.00 да 8.30) з вучня возьмуць 2,36 рубля, за гадзіну (з 7.30 да 08.30) — 1,88 рубля.
Як вядома, з гэтага навучальнага года большасць беларускіх школаў перайшла на больш позні пачатак урокаў. З такой ініцыятывай выступіў Аляксандр Лукашэнка, які заявіў, што яго малодшы сын зранку прыходзіць сонны.
У аддзеле адукацыі, спорту і турызму Барысаўскага райвыканкама журналістам партала tut.by паведамілі, што такая паслуга не з'яўляецца новаўвядзеннем: яны існуюць ужо некалькі гадоў.
"Расцэнкі зацверджаныя аддзелам адукацыі, мы іх хутка абновім на сайце. Удзел у платных групах — добраахвотны. Калі бацькі не хочуць платных груп, арганізуюцца бясплатныя", — запэўніваюць чыноўнікі.
Прадстаўнік аддзела адукацыі запэўніла, што дзеці, якія прыходзяць у школу а 7-й гадзіне раніцы, але не ходзяць у платную "прадлёнку", будуць пад наглядам дзяжурнага настаўніка.