За Лукашэнкам насельніцтва Беларусі скарацілася на 759 206 чалавек
759 тысяч 206 чалавек. На столькі, згодна з афіцыйнай статыстыкай, зменшылася колькасць жыхароў Беларусі за 24 гады, калі краінай кіруе Аляксандр Лукашэнка.
На пачатак 1994 годзе насельніцтва краіны дасягнула гістарычнага максімуму — 10 млн 243 тысячы чалавек. 10 ліпеня 1994 года Лукашэнка выйграў прэзідэнцкія выбары, праз 10 дзён адбылася інаўгурацыя. Па іроніі лёсу, у гэты час у Беларусі пачынаецца зацяжны дэмаграфічны спад.
На пачатак 1995 года ў Беларусі жыве 10 млн 210 тысяч чалавек. У 2001 годзе краіна праходзіць “псіхалагічны парог” у 10 млн — насельніцтва скарачаецца да 9 млн 956 тысяч. І працягвае падаць аж да пачатку 2014 года, калі ўпершыню з сярэдзіны 1990-х зафіксаваны невялікі рост.
759 тысяч 206 чалавек — гэта больш, чым жыве ў Гомелі, і больш, чым сумарна жыве ў любых двух іншых беларускіх абласных цэнтрах. Гэта 27 такіх раёнаў, як Шклоўскі раён Беларусі, дзе Аляксандр Лукашэнка ў свой час кіраваў саўгасам “Гарадзец”. Уявіце сабе, што Беларусь паменшала на 27 раёнаў…
І самае дзіўнае: лічба ў 759 тысяч 206 чалавек містычным чынам амаль супадае с колькасцю выбаршчыкаў, якія ў першым туры прэзідэнцкіх выбараў 1994 года прагаласавалі… за Зянона Пазняка! Іх было 757 тысяч 195.
Высновы рабіце самі.