За паўгода ў Беларусь прыехалі болей за 2 тысячы кваліфікаваных спецыялістаў
За першае паўгоддзе сёлета ў Беларусь прыехалі працаваць болей за дзве тысячы замежных кваліфікаваных спецыялістаў. Такія дадзеныя прывёў намеснік начальніка ўпраўлення па грамадзянстве і міграцыі МУС Эдуард Баландзін 20 верасня на семінары для СМІ па дэмаграфічнай праблематыцы, арганізаваным Фондам ААН у галіне народанасельніцтва ў Беларусі.
Усяго ў першым паўгоддзі працаваць па кантракце ў Беларусь прыехала 9,5 тысячы замежнікаў, у тым ліку болей за 4 тысячы грамадзян Кітаю і 3,3 тысячы грамадзян Украіны. Пераважная колькасць прыехалі працаваць па рабочых спецыяльнасцях.
Паводле закона “Аб знешняй працоўнай міграцыі”, высокакваліфікаваным работнікам лічыцца замежнік, які мае высокі ўзровень прафесійных ведаў, уменняў і навыкаў, пацверджаных дакументамі аб адукацыі і стажам працы па спецыяльнасці не меней за 5 гадоў. Велічыня месячнага заробку такога замежніка, згодна з умовамі працоўнай дамовы, перавышае 15-разовую велічыню месячнага мінімальнага заробку ў Беларусі, перадае БелаПАН.