За пікет за адстаўку Валянціна Сукалы актывістак аштрафавалі
Актывістак грамадзянскай ініцыятывы "Супраць беззаконня ў судах і пракуратуры" аштрафавалі за пікет з патрабаваннем адстаўкі старшыні Вярхоўнага Суда Валянціна Сукалы. Як перадае Радыё "Свабода", праваабаронцу Тамару Сяргей аштрафавалі на 690 рублёў (30 базавых велічыняў), актывістку Любоў Санкевіч — на 1150 рублёў (50 базавых). Разгляд справаў прайшоў у судзе Цэнтральнага раёна Мінска.
Пікет адбыўся ў сталіцы на плошчы Свабоды 16 жніўня. Яго ўдзельніцы патрабавалі адстаўкі Сукалы, бо лічаць яго адказным за "беззаконні, якія творацца ў беларускіх судах".
Міліцыя не замінала актывісткам, але потым склала на іх пратаколы. Тамара Сяргей кажа, што пратаколы былі складзеныя са шматлікімі парушэннямі, таму суддзя мусіў бы іх вярнуць у міліцыю на дапрацоўку. У прыватнасці, у актывістак не ўзялі тлумачэнняў наконт прычынаў іх дзеянняў.
13 верасня ў Цэнтральным раённым судзе будуць таксама судзіць актывістку ініцыятыўнай групы Валянціну Каваленку.