За шпіянаж на карысць Беларусі затрымалі некалькіх грамадзян Літвы

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота

Беларуска-літоўская мяжа, ілюстрацыйнае фота / ELTA

Напрыканцы 2023 года некалькі грамадзян Літвы былі затрыманыя па падазрэнні ў супрацы з беларускімі спецслужбамі. Пра гэта піша DELFI са спасылкай на даклад аб ацэнцы пагроз нацыянальнай бяспецы Літвы.

Літоўскія спецслужбы мяркуюць, што падазхраваныя, хутчэй за ўсё, за ўзнагароджанне збіралі і перадавалі звесткі беларускім спецслужбам. Ні ў кога з затрыманых не было дазволу на працу з сакрэтнай інфармацыяй, а перададзеная імі інфармацыя пра важную інфраструктуру Літвы і вайсковыя аб'екты не была засакрэчаная.

Пры гэтым у Літве не выключаюць, што сабранай інфармацыяй могуць скарыстацца не толькі ў Беларусі, але і расійскія ўзброеныя сілы пры распрацоўцы планаў патэнцыйнага нападу на суседнія краіны.

Дэпартамет дзяржбяспекі Літвы канстатуе актывізацыю беларускай разведкі за мяжой і спробы выкарыстаць беларускую дыяспару ў Літве.

"Беларускія спецслужбы імкнуцца выкарыстоўваць прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Літве для збору разведвальнай інфармацыі аб Літве і яе ўстановах, беларускай дэмакратычнай апазіцыі і самой беларускай дыяспары", — гаворыцца ў дакладзе.

Таксама беларуская разведка актыўна дапытвае на мяжы людзей, якія едуць з Літвы ў Беларусь. Гэтыя допыты выкарыстоўваюцца для збору інфармацыі пра Літву і спробаў вярбоўкі.

У дакладзе таксама адзначаецца, што апошнім часам беларуская разведка збірае інфармацыю на супрацоўнікаў літоўскай дыпмісіі — пра іх сувязі, звычкі, матэрыялы, здольныя скампраметаваць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі