Колькі давядзецца прастаяць на літоўскай мяжы, калі ехаць на аўтобусе?
Колькі давядзецца стаяць на мяжы?
Літва закрыла два памежныя пункты пропуску з Беларуссю 1 сакавіка. Перасталі працаваць пераходы "Лаварышкес" і "Райгардас". Цяпер для перасячэння мяжы даступныя толькі Шальчынінкай (з беларускага боку — Беняконі) і Мядзінінкай (Каменны Лог).
Літоўскія ўлады звязваюць сваё рашэнне з абаронай нацыянальнай бяспекі і прадухіленнем кантрабанды. Таксама анансавалася скарачэнне выдачы дазволаў аўтобусным перавозчыкам да 50%.
Яшчэ тыдзень таму, да закрыцця двух пунктаў пропуску, час праходжання мяжы на аўтобусе складаў каля 2 гадзін. Пра тое, ці змянілася гэта цяпер, Еўрарадыё даведалася ў пасажырскіх перавозчыкаў.
"Калі вам трэба кудысьці паспець, то закладайце яшчэ больш часу"
У чатах беларусаў, звязаных з перасячэннем літоўскай мяжы, паведамленняў на тэму вялікіх аўтобусных чэргаў амаль няма. Некалькі карыстальнікаў паведамлялі, што дарога з Мінска ў Вільню заняла каля 6 гадзін.
Самі перавозчыкі просяць браніраваць рэйсы загадзя, з запасам прыкладна ў 6 гадзін.
— Калі раней затрымка на мяжы складала 2-3 гадзіны, то зараз прыйдзецца прастаяць каля шасці гадзін. А калі вам трэба кудысьці паспець, то закладайце яшчэ больш часу. Літва закрыла два пункты пропуску і нагрузка на пераходы, якія засталіся, вырасла. У цэлым, у нас вялікі выбар рэйсаў. Аўтобусы адпраўляюцца практычна кожную гадзіну, адзін білет каштуе ад 115 да 125 рублёў, — распавялі ў кол-цэнтры Infobus.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.