У тэлеграм-групах Вільні прапануюць пісаць графіці супраць "ліцвінізму" за плату

У Літве наймаюць людзей за грошы пісаць графіці супраць "ліцвінізму"

У Літве наймаюць людзей за грошы пісаць графіці супраць "ліцвінізму" / Еўрарадыё

У тэлеграм-групах, звязаных з Вільняй, з'явіліся прапановы за грошы рабіць графіці пра пагрозу "ліцвінізму" з боку беларусаў, піша delfi.lt. Кожнае графіці ацэньваюць у 15 еўра.

"Прывітанне, праца — графіці "Ліцвіны ідуць. Ліцвіны ўжо побач", за запіс — 15 еўра, працу трэба выканаць у ноч з панядзелка на аўторак", — пішуць заказчыкі па-руску ў тэлеграм-групах. Пры гэтым удакладняецца, што для пачатку можна паспрабаваць напісаць пяць такіх фраз. У якасці доказу прапануюць даслаць фатаграфіі зробленых графіці.

Аплата прапануецца ў крыптавалюце: "Вы ўбачыце, што мы плацім, а мы — што вы працуеце. Грошы ў абранай крыптавалюце плацім адразу, як атрымліваем доказ выкананай працы: фатаграфіі з каардынатамі. Запіс павінен быць зроблены на бачным месцы, пісаць на будынках можна ў любым месцы, галоўнае, каб не пацярпелі культурныя каштоўнасці. Горад — любы, але лепш вялікі".

У артыкуле delfi.lt называецца псеўдагістарычнай тэорыяй, якую рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае для гібрыднай вайны супраць Літвы. Пры гэтым адзначаецца, што гэтыя ідэі "жывучыя і ў асяроддзі беларусаў, якія прыехалі ў Літву, абвясцілі сябе дысідэнтамі і пацярпелымі ад рэжыму Лукашэнкі".

Палкоўнік запасу літоўскага войска Саўлюс Гузявічус заявіў пра "пятую калону". Па яго словах, гэта людзі, не толькі па-прарасейску настроеныя, але і якія адмаўляюць законнасць літоўскай улады ці жывуць у сваіх інфармацыйных бурбалках.

Ён параўнаў іх з расійскімі агентамі ва Украіне, якія назіралі за перамяшчэннем войска, адзначалі стратэгічныя аб'екты, што потым сталі мішэнямі ракет і дронаў. Пры гэтым усе такія агенты, кажа Гузявічус, былі завербаваныя ў віртуальнай прасторы, дзе яны праявілі сябе як прыхільнікі Крамля. 

У эфіры Еўрарадыё пра гэтую праблему на днях разважаў літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі