За што могуць выселіць з кватэры ў Беларусі

За што могуць выселіць з кватэры ў Беларусі

У Мінску сям’я пераехала ў кватэру з−за запазычанасці па камунальных плацяжах у 4 мільёны 200 тысяч рублёў. У Кастрычніцкім ЖРЭА расказваюць, што ў кватэры жылі дзве сястры — 27 і 33 гады. Цягам паўгода сёстры не маглі вырашыць, хто павінен плаціць за камунальныя паслугі, ці яны, ці брат, які даўно выпісаўся. У выніку сясцёр выселілі рашэннем суда ў камунальную кватэру на вуліцы Пухавіцкай — на 16 квадратных метраў.

“Гэта такі стары дом, там звычайна ў адной кватэры некалькі пакояў, 5−6, дзе жыве па адной сям’і. Халодная вада і ўмывальнік на кухні, таксама ёсць прыбіральня. Але душа няма — тазік. Агульная кухня, дзе звычайна стаіць па некалькі пліт, газавая калонка і халодная вада. Гарачай вады няма”, — апісвае новае жыллё мінчанак начальнік аддзела арганізацыйна-кадравай і прававой працы Вольга Капцякова. А маглі, згодна з жыллёвым кодэксам, выселіць і па-за межы Мінска.

Як даведалася Еўрарадыё, пераселеная сям’я атрымала кватэру на Брэсцкай вуліцы, бо мела патрэбу ў жыллі — у канцы 70−х гадоў. У кватэры жылі гаспадыня і яе трое дзяцей — брат і дзве сястры. Маці памерла на пачатку 2000-х, брат выпісаўся і гаспадынямі кватэры сталі дзве сястры. 

Сям’я значылася, як сацыяльна небяспечная, сёстры нідзе не працавалі. Каля месяца таму дзяўчаты з’явіліся ў ЖЭСе з асабістымі рэчамі, якія цяпер захоўваюцца ў галоўнага інжынера. Іх візіт у ЖЭСе памятаюць добра:

“Прыйшлі вялікай кампаніяй, былі дзве дзяўчыны і хлопец. Нехта яшчэ на вуліцы чакаў. Здаецца, былі п’яныя, скандалілі, крычалі, што не ведаюць нічога. Мы казалі, каб яны ішлі да інжынера па рэчы, але яны нават не заглянулі да яго. Сышлі і прапалі”, — кажуць у ЖЭСе.

Як высветліла Еўрарадыё, кватэра дзяўчат не была праватызаваная. Гэта была дзяржаўная маёмасць, цяпер гэтую кватэру будуць здаваць тым, хто мае патрэбу ў жыллі. Запазычанасць за камуналку, такім чынам, можна адбіць за два-тры месяцы.
У ЖРЭА кажуць, што сума запазычанасці за камунальныя паслугі пры высяленні не мае значэння. Хоць 4 мільёны, хоць 600 тысяч рублёў — гэта агаворана ў жыллёвым кодэксе.


“Можа так стацца, што ў чалавека аднапакаёўка і ён не плаціць паўгода — там набяжыць 600 тысяч, але пытанне аб яго высяленні паўстае”.


Галоўны фактар — менавіта тэрмін нявыплаты. Высяляць могуць, калі за камуналку не плацілі 6 месяцаў. У выпадку з сёстрамі суд пастанавіў, што акрамя запазычанасці, сям’я вяла амаральны лад жыцця, які мяшаў іншым жыхарам дома, былі нават заведзеныя адміністрацыйныя справы. Гэта таксама можа быць прычынай высялення.


У Кастрычніцкім ЖРЭА не могуць узгадаць фактаў, калі высялялі уласніка жылля. Хаця, падставы для высялення такія ж, як і ў наймальніка жылля — пратэрмінаваная на 6 месяцаў запазычанасць за камунальныя паслугі, амаральны лад жыцця, даказаны судом. Пры высяленні ўласніку абавязаныя прадаставіць жыллё, горшае па якасцях, а могуць і не прадаставіць.


ЖРЭА падае хадайніцтва на прымус аб высяленні, да гэтага ідуць папярэджанні і звароты ў суд. Потым уласніка прымушаюць прадаць сваю кватэру і за гэтыя грошы пагасіць запазычанасць. На гэта яму даецца год.


“Звычайна, гэтыя грошы знаходзяць, не памятаю, каб менавіта ўласнікаў кватэр высялялі за запазычанасць”, — кажа начальнік арганізацыйна-кадравай работы Кастрычніцкага ЖРЭА Вольга Капцякова.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі