Хойнікі засталіся без нармальнай вады — Флагшток
Вада з крана ў Хойніках
Жыхары Хойнікаў апошнімі днямі літаральна засыпалі чат "Дыялогу з уладай" паведамленнямі пра брудную ваду ў кранах, піша "Флагшток".
Жыхары скардзяцца, што ваду з крана нельга не толькі піць, але і карыстацца для мыцця вопраткі: "Па ўсім горадзе брудная вада. Няўжо нічога нельга зрабіць? Столькі белых рэчаў пераўтворана ў анучы. Не ўяўляю, што дзеецца ўнутры пральных машын, пасудамыек, у нашых страўніках".
Людзі вымушаныя купляць пітную ваду ў крамах. Некаторыя жыхары Хойнікаў кажуць, што падавалі заяўкі на пераразлік платы за водазабеспячэнне, але атрымлівалі адмовы.
Журналіст "Флагштока" затэлефанаваў у "Хойніцкі Камунальнік" як жыхар горада і спытаўся, як плануецца вырашаць праблему. На прадпрыемстве адказалі, што яны больш не адказваюць за мясцовы водаканал: "З гэтага года ён перададзены Гомельводаканалу. Таму пытанні больш не да нас. Цяпер яго курыруе Рэчыцкі водаканал".
Пасля публікацыі на "Флагштоку" на праблему звярнула ўвагу і мясцовая дзяржаўная прэса. У раёнцы "Хойніцкія навіны" намеснік старшыні райвыканкама Анатоль Гура назваў прычыну праблемы: "Асноўную прычыну бачу ў няякаснай працы старой станцыі абезжалезвання. У бліжэйшыя дні выводзім яе з эксплуатацыі, а наўзамен пачынае сваю працу новая". Па словах чыноўніка, гэта павінна вырашыць праблему з якасцю вады ў горадзе.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.