За смяротнае ДТЗ з маршруткай пад Смалявічамі асудзілі інжынера Мінаблаўтатранса
ДТЗ пад Смалявічамі
Суд у Жодзіне прысудзіў два гады калоніі-пасялення галоўнаму інжынеру аднаго з філіялаў "Мінаблаўтатранса", паведамляе прэс-служба Вярхоўнага суда. Мужчыну прызналі вінаватым у службовай халатнасці, якая пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека (ч. 2 арт. 428 КК).
Як гаворыцца ў матэрыялах справы, мужчына неналежным чынам праверыў тэхнічны стан самазвала — аўтамабіль аказаўся няспраўным.
Гэта спрычынілася да таго, што на трасе Смалявічы — Смілавічы — Праўдзінскі — Шацк машына выехала на сустрэчную паласу і сутыкнулася з маршруткай. Загінулі 13 чалавек.
Галоўным інжынерам асуджаны працаваў з 12 траўня 2021 года па 20 лютага 2023 года. У судзе мужчына сваю віну не прызнаў.
Гаворка ідзе пра смяротную аварыю пад Смалявічамі, якая здарылася 20 лютага 2023 года. Тады гружаны МАЗ страціў кіраванне, выехаў на сустрэчную паласу і ўрэзаўся ў маршрутную таксоўку. На месцы загінулі 11 чалавек, яшчэ двое памерлі пазней у лякарні. Кіроўцу грузавіка асудзілі на сем гадоў калоніі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.