За суткі сепаратысты 112 разоў атакавалі ўкраінскіх ваенных

З 0:00 15 лютага паводле мінскага пагаднення ва ўсходняй Украіне мусіла адбыцца спыненне агню. Нягледзячы на гэта, у панядзелак, 16 лютага, паміж прарасійскімі сепаратыстамі і падраздзяленнямі ўкраінскай арміі ў раёне Дэбальцава працягваюцца баі.

З пачатку рэжыму “спынення агню” сепаратысты 112 разоў атакавалі сілы АТА, 88 разоў наносілі ўдары па Дэбальцаве і навакольных пасёлках, паведамляе УНІАН.

“Аналізуючы першыя суткі пасля пачатку перамір’я, можна сцвярджаць: незаконныя ўзброеныя фармаванні не выконваюць падпісаных пагадненняў, — заяўляюць у штабе АТА. — Больш за ўсё ад абстрэлаў ворага пацярпела Дэбальцава, па якім злачынцы 19 разоў білі з “Градаў”, Чарнухіна, якое тройчы штурмавалі бандфармаванні і 4 разы абстралялі з “Градаў”. Па пасёлках Папасная, Санжараўка, Залатое, Каменка незаконныя ўзброеныя фармаванні актыўна вялі агонь з “Градаў” і артылерыі”.

Праз суткі пасля перамір’я загінула 5 украінскіх байцоў, 25 атрымалі раненні, паведамілі ў штабе АТА.

Разам з тым, і экс-кіраўнік Пентагона Леон Панета распавёў у інтэрв’ю Der Spiegel, што магчымасць сапраўднай вайны ў цэнтры Еўропы залежыць ад Уладзіміра Пуціна. Адказваючы на пытанне аб пастаўках узбраення Кіеву, Панета заўважыў, што ён зрабіў бы гэта ўжо даўно, бо ваенная дапамога Украіне патрэбная для таго, каб “паслаць сігнал Маскве”.

“Мне могуць запярэчыць, што пастаўкі ўзбраенняў не дапамогуць нанесці Расіі паразу, але ваенная дапамога дасць зразумець Маскве, што ёй давядзецца заплаціць высокую цану”, — мяркуе Панета.

Ён дадае, што Пуцін “маніпулюе” заходнімі краінамі для дасягнення ўласных мэтаў.

“Гэта падобна на гульню ў кошкі-мышкі, — сказаў Панета. — Пытанне ў тым, ці сапраўды Пуцін гатовы пайсці на спыненне агню”.

Нагадаем, што яшчэ некалькі дзён таму фінскае выданне Yle паведаміла пра тое, што спецыялісты Інстытута замежнай палітыкі Фінляндыі, якія даследавалі тэкст мінскага пагаднення, заявілі пра памылку ў тэксце, якая ўскосна даказвае ўдзел Расіі ў канфлікце.

У пагадненні было прапісана, што цяжкае ўзбраенне мусіць быць адведзенае ад межаў фронту. У гэтым пункце падрабязна пералічваліся ўсе віды ўзбраенняў, і ў іх ліку згадвалася рэактыўная сістэма залпавага агню “Тарнада-З”.

Па словах спецыялістаў інстытута, такіх комплексаў узбраенняў няма нідзе, акрамя Расіі. Калі ў канфлікце выкарыстоўваюцца “Тарнада-З”, то яны маглі трапіць толькі з Расіі, бо з’явіліся там на ўзбраенні толькі ў 2012 годзе, і іх не прадавалі за мяжу.

Супрацоўнікі інстытута мяркуюць, што гэтая ракетная сістэма была згаданая ў тэксце пагаднення выпадкова. Аднак як Расія, так і сепаратысты ўхвалілі гэты тэкст.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі