За жорсткае забойства касіркі абменніка мінчуку пагражае 24 гады
Аляксандр Дударчык на судзе
24 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму папрасіла пракурор для 49-гадовага Аляксандра Дударчыка. Яго вінавацяць у забойстве 20-гадовай Таццяны Пятровай — касіркі абменнага пункта ў Заводскім раёне Мінска. Таксама дзяржабвінавачанне просіць прызначыць яму штраф 60 базавых велічыняў (2400 рублёў).
На судзе выступіла маці забітай дзяўчыны. Яна папрасіла суд пры прызначэнні пакарання ўлічыць, што Дударчык па-зверску пазбавіў жыцця яе дачку.
Адвакат мужчыны звяртала ўвагу суда на тое, што ў абвінавачанага не было намеру забіваць дзяўчыну. Паводле яго, Дударчык не схільны да гвалтоўных дзеянняў, але супраціў, аказаны дзяўчынай, у пэўнай ступені справакаваў яго.
Сам Дударчык у апошнім слове папрасіў прабачэння ў маці забітай, заявіў, што раскайваецца.
Прысуд будзе абвешчаны 12 жніўня ў 17:00.
Забойства адбылося ў абменніку ва ўніверсаме "Аўтазаводскі" ў снежні 2009 года. Экспертыза выявіла на целе забітай касіркі 19 нажавых ран, ад якіх яна памерла на месцы злачынства.
Дударчыка затрымалі толькі ў студзені 2024 года. Як сцвярджаецца, знайсці яго ўдалося дзякуючы геномнай экспертызе: на месцы злачынства быў знойдзены раменьчык, які адарваўся ад яго пальчаткі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.