"Зафарбоўваць дом нікому не дам". Гаспадар бчб-дома пра настрой пасля галадоўкі

Дом Анатоля Каханчыка / Фота Мікалая Шараха​​
Дом Анатоля Каханчыка / Фота Мікалая Шараха​​

Гаспадар бел-чырвона-белага дома Анатоль Каханчык пасля перанесенай галадоўкі адчувае сябе добра. Пра гэта ён расказаў у інтэрв'ю "Народнай волі". Праз свой дом, які размешчаны ў вёсцы Алешча Полацкага раёна, ён ужо некалькі разоў быў пад адміністрацыйным арыштам, а таксама страціў працу. Яго звольнілі яшчэ пасля першага пратакола ў мінулым лютым.

У гэтым лістападзе яго зноў затрымалі. І зноў падставай стаў дом. Яго асудзілі спачатку на 15 сутак, а потым — яшчэ на 25. Падчас складання другога пратаколу Каханчык абвясціў галадоўку.

"Калі ішоў на галадоўку, патрабаванне ў мяне было адно — каб не чапалі мой дом. Яшчэ пасля першай адседкі я папярэдзіў улады, што зафарбоўваць дом сам не збіраюся і нікому не дам. Гэта для мяне прынцыпова, і я не саступлю", — расказаў Каханчык.

Пры гэтым ён падкрэслівае, што гэта не быў крок адчаю і сапраўды "ніякі не пікет, як пазначана ў пратаколе".

"Я проста абараняю свой дом. Якая каму справа, у які колер ён пафарбаваны? Вунь заводскія трубы таксама бел-чырвона-белыя, іх жа не перафарбоўваюць", — кажа мужчына.

Па яго словах, галадоўку ён абвясціў яшчэ ў Полацкім РАУС 20 снежня. Пазней паведаміў пра гэта кіраўніцтву ІЧУ, куды яго адправілі адбываць пакаранне. 24 снежня ён трапіў у бальніцу.

Ён не збіраецца ні перафарбоўваць дом, ні з'язджаць з Беларусі. "Беларусь — мая краіна", — кажа Каханчык. Таму што тут вёска Алешча і яго дом.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі