Заіка: “Ніякія 3 мільярды ад МВФ браць не трэба”
У Беларусі пачала працу місія МВФ пад кіраўніцтвам Пітэра Долмана. Эксперты Фонду прабудуць у Беларусі больш за тыдзень — з 9 па 19 лістапада. Асноўную задачу, якую ставяць сабе прадстаўнікі Фонду – ацэнка гатоўнасці беларускіх уладаў рэфармаваць эканоміку.
Пра “правядзенне рэформаў у эканоміцы”, прадстаўнікі МВФ заяўлялі і падчас мінулых візітаў у Беларусь. У прыватнасці, МВФ рэкамендаваў беларускаму ўраду скараціць фінансаванне дзяржпраграм, аптымізаваць сектар дзяржпрадпрыемстваў, павысіць тарыфы на камунальныя паслугі ды транспарт.
У выпадку выканання рэформаў МВФ можа даць крэдыт на 3 мільярды долараў.
Еўрарадыё запыталася ў беларускага эканаміста Леаніда Заікі, ці можам мы пацягнуць эканамічныя рэформы і ці дадуць Беларусі 3-мільярдны крэдыт. І атрымала даволі нечаканыя адказы:
“А навошта нам яшчэ адзін крэдыт ад МВФ? Мы і так вінныя больш за 40 мільярдаў! За тую пазыку, якую мы аддаем на выплату знешніх займаў, мы кожнаму з выпускнікоў школ можам падарыць кватэру! МВФ – камерцыйная арганізацыя, і яна дасць нам крэдыт, пакуль будзе бачыць, што з нас, як з таго бычка, нешта можна ўзяць. Але навошта нам яшчэ пазыкі, каб быць віннымі не 40, а 43 мільярды?”
На думку эканаміста, тыя рэформы, якія прапаноўвае МВФ, ніякага эфекту не дадуць, бо ў МВФ няма ўяўлення аб тым, што адбываецца ў Беларусі.
Фота: belgazeta.by