"Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі" — ініцыятар пашпарта Новай Беларусі
Мікіта Забуга
"Заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі", — так адрэагаваў на расследаванне БРЦ наконт пашпарта Новай Беларусі адзін з яго галоўных фігурантаў Мікіта Забуга.
Як распавядала Еўрарадыё, у расследаванні, якое выйшла днямі, гаварылася пра сувязь паміж "кашальком" Лукашэнкі Віктарам Шаўцовым і літоўскай кампаніяй UAB Garsų pasaulis, якая вырабляе бланкі пашпартоў для Новай Беларусі. Адным з асноўных герояў артыкула стаў Мікіта Забуга — колішні інспектар ДАІ, а цяпер кіраўнік арганізацыі, адказнай за дызайн будучага дакумента. Менавіта ён параіў літоўскага падрадчыка Аб’яднанаму пераходнаму кабінету.
"Мне падаецца, што гэта заказны артыкул з мэтай дыскрэдытацыі, каб падарваць давер канкрэтна да пашпарта Новай Беларусі. Цяпер якраз павінны былі выйсці першыя ўзоры пашпартоў, мусіў распачацца праект рэальнага прызнання — і тут нараджаецца гэты артыкул, які спыніць усё на няпэўны час", — каментуе Забуга ў гутарцы з "Нашай Нівай".
Ён па пунктах разбірае абвінавачанні, выстаўленыя яму ў расследаванні. Пра сваё навучанне ў Акадэміі МУС мужчына адказвае так: "Дык у 1998 годзе, каб паступіць у Акадэмію, трэба было пастарацца, конкурс быў сем чалавек на месца! Я б не паступіў, калі б не скончыў беларускі ліцэй з медалём, а да гэтага не скончыў беларускамоўную школку".
Паводле Забугі, калі ён быў у Акадэміі МУС курсантам, дык выкладчыкі там "яшчэ хадзілі з бел-чырвона-белымі сцяжкамі і Пагонямі на шаўронах". Таксама ён дадае, што акрамя Акадэміі МУС скончыў Літоўскі ўніверсітэт права і магістратуру ў Оксфардскім універсітэце. І цяпер яшчэ працягвае вучыцца ў Оксфардзе на іншай праграме.
Забуга абураны заявамі, быццам у сярэдзіне 2010-х некалькі яго юрыдычных асобаў былі зарэгістраваныя ў будынку астравецкай міліцыі: "Пра тое, што я нібыта рэгістраваў бізнэс па адрасе Астравецкага РУУС, увогуле каментаваць не хачу. Я дасылаў журналістам фотаздымак, дзе відаць, што РАУС па Ленінскай, 73 і побач там — будынак з такім жа нумарам. Але гэта ўжо іншы будынак! Так было і на момант рэгістрацыі больш за 10 год таму".
Па яго словах, няцяжка здагадацца, што ў будынку РАУС зарэгістраваць кампанію нерэальна.
Забуга не адмаўляе, што ў яго застаецца некалькі дробных бізнэсаў у Беларусі. Але ён дадае, што сам не наведвае радзіму ўжо некалькі гадоў. "Акцыі "РасцісКэпітал" і "Россэмсервіс" арыштаваныя па дэкрэце Лукашэнкі пра бізнэс "несяброўскіх краін" і прадаць іх немагчыма. Але гэта ўжо нікому нецікава. Проста накідай лабірынт са словаў, дадай Акадэмію МУС — і ўсё, гатовы агент КДБ", — абураецца мужчына.
На закід, што адну з фірмаў ён адкрыў у снежні 2020-га, пасля выбараў, Забуга адказвае: "Я яго адкрываў дыстанцыйна. І на той момант марыў, як і ўсе беларусы, вярнуцца дахаты. Была надзея на перамогу. Яшчэ ж былі дваровыя маршы, у сакавіку 2021 яшчэ людзі выходзілі… І неяк дзіўна гучыць, што грамадзянін Беларусі не мае права весці бізнес у Беларусі".
Забуга кажа, што менавіта ён быў ініцыятарам пашпарта Новай Беларусі, бо ў ягоным пашпарце заканчваліся старонкі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.