Замест Штайнмаера ў Кіеве чакаюць канцлера ФРГ Олафа Шольца
Канцлер Германіі Олаф Шольц / Reuters
Украінскія ўлады запрашаюць наведаць Кіеў канцлера Германіі Олафа Шольца.
Раней, нагадаем, туды хацеў прыехаць прэзідэнт ФРГ Франк-Вальтэр Штайнмаер. Але ў Кіеве яму далі зразумець, што такая паездка непажаданая. Штайнмаер быў кіраўніком МЗС у часы Ангелы Меркель і развіваў адносіны з Расіяй. Такая палітыка, лічаць у Кіеве, прывяла да цяперашняга крызісу.
Але канцлера Шольца ва Украіне былі б рады бачыць.
"Мы паведамілі, што наш прэзідэнт і наш урад былі б вельмі рады, калі б канцлер Олаф Шольц наведаў Кіеў", — заявіў пасол Украіны ў Германіі Андрэй Мельнік у эфіры нямецкага тэлеканала ProSieben ў аўторак, 12 красавіка. З Шольцам у Кіеве хацелі б абмеркаваць пастаўкі цяжкага ўзбраення Украіне. Гэта паведамляе Deutsche Welle.
Сёння ў Кіеў накіроўваюцца кіраўнікі Польшчы і прыбалтыйскіх краін — Літвы, Латвіі і Эстоніі. Запланаваная іх сустрэча з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.
.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.