Замежных турыстаў без віз у Брэсце і Гродне абавяжуць купляць беларускія туры

Замежных турыстаў без віз у Брэсце і Гродне абавяжуць купляць беларускія туры

Урад зацвердзіў парадак бязвізавага ўезду ў турыстычныя зоны "Брэст" і "Аўгустоўскі канал" на 10-дзённы тэрмін. Раней рэжым бязвізавага ўезду для грамадзянаў 77 краінаў увялі для Брэста, Гродна і асобных раёнаў вакол іх.

Згодна з палажэннем, замежным турыстам трэба мець пры сабе пашпарт або дакумент, што яго замяняе, а таксама дакумэнт на права наведвання "бязвізавых" зонаў. Каб атрымаць такі дакумент, неабходна замовіць тур ад кампаніі, сертыфікаванай у Беларусі. Гэта азначае, што так званых турыстаў-"дзікуноў" праз мяжу не прапусцяць, адзначае Радыё "Свабода".

У дакуменце на права наведвання агаворваецца дакладны тэрмін знаходжання турыста ў Беларусі. Пры гэтым у тураператара можна дакупіць турпаслугі на "дадатковыя" дні (агулам не больш за 10 дзён).

Калі турыст затрымаецца праз надзвычайныя абставіны (напрыклад, хваробу ці аварыю), ён ці яго прадстаўнік мусіць звярнуцца ў бліжэйшы орган унутраных спраў і папрасіць працягнуць тэрмін перабывання ў Беларусі. У выпадку страты дакумента турыст можа звярнуцца па копію да тураператара.

Раней турысты мусілі такім жа чынам замаўляць туры ў тураператараў для "бязвізу" ў Гродне і ў зоне "Аўгустоўскі канал". А вось у Белавежскую пушчу яны маглі трапіць без пасярэднікаў, проста замовіўшы паслугі ў адміністрацыі Нацыянальнага парку. 

Праз Нацыянальны аэрапорт "Мінск" на пяць дзён па-ранейшаму можна прылятаць без замаўлення турпаслуг.

Галоўны рэдактар парталу "Турызм і адпачынак" Лілія Кобзік адзначае, што прынамсі ў Гродне турпаслугі трэба замаўляць менавіта ў беларускіх фірмаў. Праўда, каштуе гэта нядорага — 5-10 долараў. На думку эксперта, такім чынам улады даюць нацыянальным аператарам крыху зарабіць на замежных турыстах і рэгулююць турыстычныя плыні.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі