“Запалохваюць сябе і ўсіх навокал”: навошта мяняюць закон пра ваеннае становішча
“Хіба ваеннае становішча дэ-факта не ўведзенае з 2020-га года? Якія плюшкі дасць увядзенне яго дэ-юрэ?” / фота прэс-службы Палка Каліноўскага
Прыбыццё наймітаў у Беларусь можа стаць падставай для увядзення ваеннага становішча.
Ці то Аляксандр Лукашэнка спужаўся, што беларускія добраахвотнікі гэтак жа лёгка патрапяць у Пінск, як расійскія — у Белгародскую вобласць? Ці насамрэч гэтыя змены распрацоўваліся даўно, і рэйды РДК і “Свабоды Расіі” не змусілі рэжым хвалявацца болей, чым ён хваляваўся дагэтуль?
Сабралі розныя погляды.
Роза Турарбекава: “Прымяраюць кашулю Белгародскага губернатара”
Гісторык і палітолаг Роза Турарбекава лічыць, што змены ў законе пра ўвядзенне ваеннага становішча — гэта дзеянні “наперад”. Каб потым сказаць, што ўсе дзейнічалі ў межах законаў.
— Лукашэнка і яго адміністрацыя пабачылі, што адбываецца ў Белгарадзе, чуе, што кажа Полк Каліноўскага, і прымярае на сябе гэтую кашулю.
Гэты закон проста з’яўляецца заканамерным крокам у бок максімальнага закручвання гаек. Яны запалохваюць усіх навокал — і сябе.
А Палата прадстаўнікоў проста робіць толькі тое, што ёй сказалі.
Сяргей Бульба: “У расіян не было нават у галаве, што нехта можа зайсці на іх тэрыторыю, а беларусы рыхтуюцца”
— Відаць, гэта даўно вітала ў паветры, але зараз яны асэнсавана ўсвядомілі верагоднасць, што на тэрыторыю Беларусі зойдуць. Бо багата ў каго ёсць ілюзія, што добраахвотнікаў зараз запусцяць ці то праз расійскую, ці адразу праз беларускую мяжу на тэрыторыю Беларусі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.