Чым займаўся Пуцін, пакуль расійскія добраахвотнікі захоплівалі Расію
Чым жа быў заняты Пуцін? Вы не паверыце / калаж Улада Рубанава, Еўрарадыё
Пакуль расійскія добраахвотнікі штурмавалі Белгародскую вобласць, Уладзімір Пуцін хваліў бараду Рамзана Кадырава і ўручаў ордэн "Маці-гераіня" яго жонцы. За апошнія два тыдні ён ні слова не сказаў пра падзеі ў Белгародскай вобласці.
Чым жа ён быў заняты? Вы не паверыце.
22 траўня. “Легіён вяртаецца дадому”
Легіён "Свабода Расіі" звяртаецца да жыхароў памежных тэрыторый і просіць "заставацца дома, не аказваць супраціў і не баяцца".
— Легіён вяртаецца дадому, — напісалі добраахвотнікі ў сваіх сацсетках.
Тым часам Уладзімір Пуцін.
У Пуціна ўсё пад кантролем. Ён кантралюе бараду Рамзана Кадырава.
"Рамзан Ахматавіч, у вас барада стала крыху большая?" — "Так, адрошчваю". — "Бачыце, у нас усё на кантролі".
23 траўня. “Спалохаўся, з'ехаў”
Еўрарадыё звязваецца з жыхарамі Белгародскай вобласці і пытае, што адбываецца. Нам адказваюць:
— Чуў грукат дзесьці за кіламетр ад майго дома — стрэлы са стралковага. І хтосьці ўвесь час крычаў "Свабоду Расіі ад крамлёўскай хунты". На гэты момант не ведаю, што па сітуацыі. Сам спалохаўся і з'ехаў з горада.
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Уручае ордэн "Маці-гераіня" жонцы Рамзана Кадырава, маці 13-ці дзяцей.
25 траўня. Фота з “Поштай Расіі”
Рускі добраахвотніцкі корпус запісвае вітальнае відэа на фоне шыльды "Пошта Расіі", каб даказаць, што свае відэа здымае "не ў Кіеве".
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Віншуе з Днём Афрыкі і запрашае ўсіх лідараў краін кантынента ў РФ.
30 траўня. Падключаюцца беларускія добраахвотнікі
Беларускія добраахвотнікі з батальёна "Тэрор" публікуюць фатаграфію з пераносным зенітна-ракетным комплексам і намякаюць, што ўжо і яны прыбылі ў Белгародскую вобласць.
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Вывучае дасягненні расійскай гейм-індустрыі. Абяцае абмеркаваць з партнёрамі з краін БРІКС, як прасоўваць расійскія відэагульні на іх рынкі.
1 чэрвеня. Усе ў сховішчы
Легіён "Свабода Расіі" раіць усім грамадзянскім у Белгародскай вобласці спускацца ў падвалы і сховішчы. "Не дазвольце Крамлю зрабіць з вас "пакутнікаў рэжыму", — пішуць добраахвотнікі.
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Размаўляе з дзецьмі і параўноўвае сябе з Дзедам Марозам.
4 чэрвеня. Першыя палонныя
Добраахвотнікі запрашаюць губернатара Белгародскай вобласці на перамовы. Абяцаюць у абмен на магчымасць пагаварыць перадаць яму палонных расійскіх вайскоўцаў.
"Прыязджайце на машыне хуткай дапамогі асабіста, у суправаджэнні кіроўцы, без зброі", — прапануюць добраахвотнікі губернатару (ён не прыехаў).
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Не з'явіўся ў публічным полі, але яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў запэўніў, што ён на пасадзе "круглыя суткі".
5 чэрвеня. Нічога не адбываецца
У эфіры тэлеканала "Мір" у Расіі з'явіўся экстраны зварот Уладзіміра Пуціна.
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Насамрэч у Расіі, вядома ж, нічога экстраардынарнага не адбываецца, таму расійскія дзяржаўныя СМІ адразу ж напісалі, што зварот фэйкавы.
7 чэрвеня. Допыт палоннага
"Свабода Расіі" публікуе відэазапіс з допытам палоннага вайсковага кухара з Пскова. У маладога чалавека спрабуюць высветліць, за што ваюе Расія і навошта ён сам пайшоў ваяваць.
Тым часам Уладзімір Пуцін.
Даручыў ураду ўвесці з 2024 года ў школах навучальны курс "Чарчэнне".
Апошнія навіны з Белгародскай вобласці
"Даволі прадказальна, Маскву лёс правінцыі не абыходзіць", — рэзюмавалі вынікі гэтых двух тыдняў расійскія добраахвотнікі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.