Заробак у абмен на падтрымку: як у ЕС тлумачаць санкцыі супраць бізнесменаў
Хмары згусціліся над некалькімі набліжанымі бізнесменамі / калаж Еўрарадыё
Новыя санкцыі ЕС уведзеныя не толькі супраць суддзяў і сілавікоў, але і ў дачыненні да бізнесменаў. І ва ўсіх выпадках — за цесныя сувязі з уладамі. Еўрарадыё вывучыла матывіровачныя часткі пастановы аб увядзенні санкцый і знайшло шмат цікавага.
Сямейны бізнес
Менавіта па разрадзе "бізнес" ідуць у санкцыйным спісе Дзмітрый Лукашэнка і жонка ягонага брата Віктара Лілія.
"Праз гэту арганізацыю [прэзідэнцкі спартыўны клуб. — Еўрарадыё] ён вядзе бізнес і кантралюе шэраг прадпрыемстваў. [...] Такім чынам, ён атрымлівае карысць ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго", — так еўрачыноўнікі тлумачаць санкцыі ў дачыненні да сярэдняга сына Лукашэнкі.
Тлумачачы санкцыі ў дачыненні да нявесткі Лукашэнкі, Ліліі, у ЕС пішуць наступнае:
"Яна была цесна звязаная з шэрагам буйных кампаній, якія атрымалі выгаду ад рэжыму Лукашэнкі, уключаючы Dana Holdings/Dana Astra, канцэрн Белмастацпромыслы і Eastleigh trading Ltd".
Еўрарадыё ўжо падрабязна расказвала аб сувязях Ліліі Лукашэнка з кіпрскімі афшорамі.
І зноў "Сінезіс"
IT-кампанія Synesis ужо трапіла пад санкцыі ў снежні, пасля чаго пачала спешна пераназываць некаторыя свае "дочкі". Тады ж са складу заснавальнікаў выйшаў Аляксей Алексін, але гэта яму не дапамагло ўнікнуць санкцый.
Клуб найлепшых сяброў
Сяргея Цяцерына ў абгрунтаванні называюць адным з вядучых бізнесменаў краіны, якія ўваходзяць у найбліжэйшае атачэнне Лукашэнкі. Апошні пункт падобны да праўды: не кожны бізнесмен косіць траву разам з Лукашэнкам і робіць фатаграфіі з ягонай мамай.
"Ён публічна асудзіў беларускіх спартсменаў, якія выказвалі пратэст супраць рэжыму Лукашэнкі, а менавіта пратэст супраць гвалту і пераследу мірных дэманстрантаў, журналістаў, праваабаронцаў. Ён публічна запатрабаваў ад спартсменаў вярнуць усе ўкладзеныя ў іх грошы. Такім чынам, ён атрымлівае выгаду ад рэжыму Лукашэнкі і падтрымлівае яго", — напісана пра Цяцерына.
Сярод згадак бізнес-праектаў Цяцерына ёсць і інфармацыя пра яго інтарэсы ў рэкламным бізнесе, пра што Еўрарадыё падрабязна пісала.
Роўна за Цяцерыным у спісе ідзе яшчэ адзін блізкі да ўладаў бізнесмен: Міхаіл Гуцарыеў, якога Лукашэнка называе проста "Міша" і ад якога атрымаў у свой час падарунак у выглядзе "майбаха", ну а ў 2020-м — дзесяць тамографаў.
"Ён даўні сябар Аляксандра Лукашэнкі і дзякуючы гэтаму назапасіў значнае багацце і ўплыў сярод палітычнай эліты Беларусі. "Сафмар", кампанія, кантраляваная Гуцарыевым, была адзінай расійскай нафтавай кампаніяй, якая працягнула пастаўкі нафты на беларускія НПЗ у час энергетычнага крызісу паміж Беларуссю і Расіяй у пачатку 2020 года", — адзначаецца ў дакуменце.
Яшчэ адзін аргумент — буйны праект па ўзвядзенні Нежынскага ГУКа. Згадваецца нават тое, што Лукашэнка, ці то жартам, ці то ўсур'ёз, паабяцаў перайменаваць Любань у Гуцарыеўск.
"Паведамляецца, што Гуцарыеў паднёс Лукашэнку раскошныя падарункі. Ён таксама заявіў, што ёсць уладальнікам рэзідэнцыі, якая дэ-факта належыць Лукашэнку, тым самым пакрываючы яго, калі журналісты пачалі расследаванне актываў Лукашэнкі. [...] Па паведамленнях СМІ, калі ў жніўні 2020 года былі звольненыя супрацоўнікі беларускіх дзяржаўных СМІ, якія баставалі, работнікі расійскіх медыя былі дастаўлены ў Беларусь на борце самалёта Гуцарыева для замены звольненых і пасяліліся ў гатэлі "Мінск Рэнесанс", які належыць Гуцарыеву.
Каралі лагістыкі і не толькі
Далей згадваецца "Брэміна груп", якая належыць Алексіну, Зайцаву і Мікалаю Вараб'ю. І "Глобалкастам" Сяргея Цяцерына.
"Глобалкастам менеджмент" асацыяваная з кіраўніком Кіраўніцтва справамі прэзідэнта і Віктарам Шэйманам. Кампанія ўдзельнічае ў кантрабандзе тавараў у Расію, што было б немагчыма без згоды рэжыму, які кантралюе памежнікаў і мытню. [...] "Глобалкастам" была першым уладальнікам "ГардСэрвіс", адзінай прыватнай кампаніі, якой Лукашэнка дазволіў выкарыстанне зброі".
Нарэшце, сярод фірмаў, афіляваных са згаданымі бізнесменамі, ёсць і Новая нафтавая кампанія. Адзначаецца, што яна належыць Мікалаю Вараб'ю, але датычны да яе і Алексін. Таксама, на думку еўрачыноўнікаў, ННК выкарыстоўваецца для "адаптацыі беларускай эканомікі да абмежавальных мер, уведзеных ЕС".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.