Уладальнік Synesis перапісаў на дырэктара кампаніі большую частку акцый
IT-кампанія Synesis зноў спрабуе ўратавацца ад санкцый. Напрыканцы мінулага тыдня, адразу пасля зліваў пра тое, што заснавальнік кампаніі Аляксандр Шатроў трапіць у чацвёрты пакет санкцый ЕС, была змененая структура ўласнасці кампаніі.
Як высветліла Еўрарадыё, большую частку сваіх акцый "Сінезіса" Шатроў перапісаў на аднаго з падначаленых. 81% кампаніі цяпер належыць яе дырэктару Юрыю Сербянкову.
Яшчэ ў адной кампаніі — "Сінезіс Стратус" — Шатроў цалкам выйшаў са спісу ўласнікаў. Цяпер фірма на 100% належыць галаўной арганізацыі.
Сам "Сінезіс" трапіў пад санкцыі ЕС яшчэ напрыканцы мінулага года. Кампанія спрабуе аспрэчыць у судзе рашэнне ЕС, але выніку пакуль няма.
Як паведамлялася раней, кампанію вінавацяць у тым, што з дапамогай яе галоўнага прадукту — сістэмы Kipod сілавікі вылічвалі ўдзельнікаў акцыяў пратэсту. У прыватнасці, ёсць звесткі, быццам з дапамогай гэтай сістэмы быў затрыманы актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок, які хаваўся ў Асіповіцкім раёне.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.