"Заспявай.by": гукарэжысёр "Акіяна Эльзы" абраў песню Віталя Варанко
Украінцу Уладу Яруну найбольш спадабаўся эксперымент з паэзіяй выхаванца Уладзіміра Кубышкіна.
Праект-конкурс "Заспявай.by" падвёў вынікі. Паводле меркавання журы, у якое ўваходзілі папулярныя беларускія музыкі, найбольш цікава з прапанаванага адаптавалі беларускую паэзію да сваёй музыкі выхаванец Уладзіміра Кубышкіна Віталь Варанко, Юрась Кісцень, ён жа рэпер SP Kava, і маладая свявачка Лізавета Леўчык. Пераможцу праекта разам з журы выбіраў украінскі саўнд-прадзюсар Улад Ярун, вядомы па працы з гуртамі "Океан Ельзи", "Тік", "Ляпіс Трубяцкі". Улад спыніў свой выбар на песні "Вяртайся" Віталя Варанко.
"Вельмі цікавая песня. Вядома ж, яе варта дарабіць у плане аранжыроўкі, я там бачу не толькі голас і баян. І зрабіць гэта даволі няпроста, трэба папрацаваць над ёй вельмі сур’ёзна, каб яна загучала яшчэ больш яскрава", — кажа Улад.
22-гадовы спявак і баяніст Віталь Варанко, студэнт Беларускай акадэміі музыкі, для конкурсу паклаў на музыку верш "Вяртайся" Віталя Рыжкова і запісаў у хатніх умовах дэма-вэрсію песні.
"Мне надта спадабалася iдэя самога конкурсу, — зазначае пераможца. — Я вельмi люблю беларускую мову, але не магу пісаць на ёй песні. Лепей будзе, калi гэта зробiць прафесіянал. З творчасцю Віталя Рыжкова пазнаёміўся на партале "Літрадыё". Яго паэзія мне прыйшлася даспадобы. Для песні шукаў твор з пазітыўнай ноткай і знайшоў яе ў вершы "Вяртайся". Не ведаю, ці пагадзіцца з маім бачаннем аўтар, але я адчуў гэты твор менавіта так!"
Лаўрэаты конкурсу атрымаюць каштоўныя прызы — камплект прафесійнага студыйнага абсталявання Focusrite Scarlett Studio, у які ўваходзіць мікрафон, гукавы інтэрфэйс і маніторныя навушнікі. Пераможца конкурсу Віталь Варанко разам з запрошанымі музыкамі папрацуе разам з Уладам Яруном на мінскай студыі "Селах". Прэзентацыя фінальнай версіі песні "Вяртайся" адбудзецца на парталах Tuzin.fm і Tut.by у ліпені. Улетку таксама мяркуецца зладзіць канцэрт з удзелам усіх траіх фіналістаў конкурсу "Заспявай.BY".