Затрымалі яшчэ трох удзельнікаў акцыі салідарнасці з палітвязнямі
4 сакавіка ў Мінску затрымалі трох удзельнікаў акцыі ў падтрымку палітвязняў, перадае Радыё "Свабода". Сама акцыя адбылася 26 лютага на Кастрычніцкай плошчы сталіцы. У ёй прынялі ўдзел дзесяць чалавек.
Алесь Абрамовіч з Барысава паспеў паведаміць, што яго выклікалі позвай у Цэнтральны РУУС Мінску і там затрымалі. Увечары 4 сакавіка суд Цэнтральнага раёна пакараў актывіста штрафам у 1020 рублёў (40 базавых велічыняў).
Таксама ў панядзелак у Мінску затрымалі за ўдзел у акцыі Андрэя Кашэўскага з Жодзіна і былога палітвязня Мікалая Дзядка. Кашэўскага даставілі ў Цэнтральны РУУС сталіцы. А Дзядка затрымалі ў будынку Фрунзенскага раённага суда адразу пасля таго, як аштрафавалі за допіс у сацсетках.
Раней за ўдзел у акцыі ўжо пакаралі пяцёра чалавек. Павел Севярынец, які не дайшоў да акцыі, быў асуджаны на 10 сутак адміністрацыйнага арышту. Штрафы ад 40 да 45 базавых велічыняў атрымалі Арцём Чарняк, Вольга Мікалайчык, Леанід Кулакоў і Мая Навумава.