Завершаныя следчыя дзеянні па крымінальнай справе кіраўнікоў ФК "Шахцёр"

Заўзятары салігорскага "Шахцёра" засмучаны / vk.com/fcshakhterby
Заўзятары салігорскага "Шахцёра" засмучаны / vk.com/fcshakhterby

Завершаныя следчыя дзеянні па крымінальнай справе ў дачыненні кіраўнікоў футбольнага салігорскага "Шахцёра". У бліжэйшы час яе атрымаюць для азнаямлення ўдзельнікі крымінальнага працэсу, паведамляе ў пятніцу прэс-служба Следчага камітэта Беларусі.

Падчас сумеснай працы СК і МУС было высветлена, што ў чэмпіянаце РБ у 2022 годзе "прадстаўнікам дзвюх каманд прапаноўваліся незаконныя ўзнагароды за забеспячэнне паражэння ў матчах са сваім удзелам". Аднак грошы перададзеныя не былі — з-за таго, што сілавікі даведаліся пра такія планы. Дзеянні кіраўнікоў клуба кваліфікаваныя як "замах на здзяйсненне злачынстваў" (ч. 1, 2 арт. 253 КК — "подкуп удзельнікаў і арганізатараў спартыўных спаборніцтваў").

Таксама з боку футбольнага клуба "Шахцёр" "мелі месца перадачы незаконных узнагароджанняў камандам, якія гулялі супраць іх канкурэнтаў" (мінскага "Дынама" і БАТЭ) — "за перамогу ці нічыю". Вядомыя 4 такія факты. Аднак "фінансавае стымуляванне станоўчых вынікаў, не з'яўляючыся крымінальна каральным". Пры гэтым яно "груба парушае патрабаванні рэгламентуючых дакументаў Асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола". Таму АБФФ і атрымала з СК "прадстаўленне аб ліквідацыі парушэнняў", ды ўжо адрэагавала.

Напярэдадні стала вядома, што федэрацыя пазбавіла чэмпіёнства салігорскі "Шахцёр", срэбра забралі ў "Энергетыка-БДУ". Абодва клубы адхіленыя ад еўракубкаў, аштрафаваныя, з іх (а таксама з "Белшыны") у гэтым і будучым сезонах знятыя ачкі. Было вырашана новага чэмпіёна не прызначаць. БАТЭ застаецца бронзавым прызёрам, але згуляе ў адборы Лігі чэмпіёнаў. Таксама дыскваліфікаваны шэраг футбалістаў, трэнераў і спартыўных функцыянераў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі