Зборная Беларусі па хакеі перамагла каманду Славакіі на чэмпіянаце свету — 4:2
Зборная Беларусі па хакеі феерычна перайграла славакаў у чарговым матчы чэмпіянату свету па хакеі — 4:2, саступаючы па ходзе матчу 0:2.
Правальным для беларусаў зноў аказаўся другі перыяд. Нашых шмат выдалялі: першую шайбу яны прапусцілі, калі гулялі ўтрох супраць пяцярых славакаў.
Заключная траціна матчу пачалася пад дыктоўку беларусаў. Беларускія хакеісты заціснулі славакаў, і ўжо на самым пачатку Кірыл Гатавец скараціў адставанне. На 48-й хвіліне пры гульні 4 на 4 Артур Гаўрус зраўноўвае лік. На 52-й хвіліне Андрэй Сцяпанаў выводзіць беларусаў наперад, а за тры хвіліны да канца Шарль Лінгле фіксуе пераможны лік — 4:2.
Наперадзе нашу каманду чакаюць гульні са зборнымі Нямеччыны, Венгрыі і Францыі. Бліжэйшы матч з немцамі пройдзе 13 траўня.