Жанчыну, чые парэшткі знайшлі ў Свіслачы, суседзі бачылі апошні раз месяц таму
37-гадовую Юлію, чые парэшткі знайшлі ў сумцы ў Свіслачы, суседзі бачылі апошні раз на пачатку снежня. Пра гэта яны распавялі парталу TUT.by.
Як паведамлялася раней, 2 студзеня ў Свіслачы знайшлі сумку з жаночымі канечнасцямі (па неафіцыйных звестках, гэта рукі). Праваахоўнікі высветлілі, што яны належаць жанчыне, якую забілі ў яе кватэры на вуліцы Раманаўская Слабада. У ноч на 6 студзеня ў Віцебску затрымалі 26-гадовага замежніка, падазраванага ў забойстве. Паводле прэс-службы МУС, ён прызнаўся, што забіў жанчыну падчас канфлікту.
Па словах суседзяў, Юлія пераехала ў трохпакаёвую кватэру на Раманаўскай Слабадзе гады два-тры таму. Дзяцей у яе не было, мужчыны каля яе мяняліся. "Пастаянныя гулянкі, бойкі, шум, гучная музыка. На гэтую кватэру не раз выклікалі міліцыю. Калі прыгледзецца, на дыванку ў суседзяў і лесвіцы засталіся кроплі крыві, яны — пасля чарговых вечарынак у Юліі", — кажуць суседзі.
Ці працавала жанчына, ніхто з суседзяў не ведае. Пэўны час яе кватэра здавалася як люксавыя апартаменты за 5 тысяч рублёў у месяц. Здымак кватэры можна знайсці на сайце realt.by. Аднак цяпер у агенцтве кажуць, што жыллё больш не здаецца.
Суседзі апісалі мужчыну, які жыў з гаспадыняй кватэры апошнім часам: "Улетку Юлія жыла з адным мужчынам, восенню ў яе з'явіўся іншы, Аляксандр. Неяк яна выбегла на пляцоўку, рукі былі ў крыві. 1 снежня ў кватэры зноў шум, крыкі: "Дапамажыце! Забіваюць!" Мы выклікалі міліцыю, прыехала за лічаныя хвіліны. Пасля гэтага Юля перастала пускаць у кватэру свайго сужыцеля Аляксандра, але ён усё роўнадно пастаянна быў у пад'ездзе. 3 снежня яго, п'янага, забрала міліцыя".
Суседзі апісваюць Аляксандра як маладога чалавека да 30 гадоў ўсходняй знешнасці.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.