Жонка Алеся Бяляцкага: Гэта было абсалютна нечакана!

21 чэрвеня ранкам на волю датэрмінова выйшаў праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Алесь Бяляцкі ў Мінску (фота, відэа)

Палітвязень патэлефанаваў жонцы Наталлі Пінчук і сказаў, што ён вызвалены і едзе ў Мінск на электрычцы з Бабруйска.



“Гэта было абсалютна нечакана, — распавядае Наталля пра званок ад Алеся. — Я толькі атрымала ліст ад яго. Там ні слова пра вызваленне. Алесь пісаў толькі пра тое, што ўсё без зменаў. Я зусім не чакала, таму на выхадныя вырашыла з’ехаць у вёску. І вось на паўдарогі прагучаў званок ад яго. Выйшла на бліжэйшым прыпынку і на першай жа маршрутцы вярнулася ў Мінск”.



Наталля кажа, што пакуль не думае пра планы на будучыню. Яна з нецярпеннем чакае сустрэчы з мужам.



“Я адвучылася думаць наперад. Самае галоўнае сустрэцца з ім”.



Нагадаем, праваабаронца Алесь Бяляцкі прыбудзе цягніком рэгіянальных ліній Жлобін-Мінск у 15.05, на станцыю Інстытут культуры. Яго сустрэнуць сваякі і калегі.



Кіраўнік незарэгістраванага праваабарончага цэнтра “Вясна”, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека Алесь Бяляцкі быў арыштаваны 4 жніўня 2011 года па абвінавачанні ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (утойванне прыбыткаў у асабліва буйным памеры, артыкул 243, частка 2 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь). 24 кастрычніка 2011 года Бяляцкі быў асуджаны да 4,5 гадоў турмы.



Пакуль невядома, на якой падставе і якіх умовах Алесь Бяляцкі быў вызвалены: была гэта просьба аб памілаванні ці асабістае рашэнне кіраўніка краіны.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі