Журналіст Кямран Махмудаў затрыманы на азербайджанска-грузінскай мяжы
Кямран Махмудаў. Фота: Эхцірам Джабі
Азербайджанскі журналіст Кямран Махмудаў быў затрыманы 22 чэрвеня на азербайджанска-грузінскай мяжы. Пра гэта Мейдан ТБ паведаміў адвакат Джавід Рзазадэ.
Адвакат у гэты час таксама знаходзіўся на мяжы. "Яго адвялі ў Газахскае раённае ўпраўленне паліцыі. Было дзесьці 4 гадзіны раніцы. Я ўжо перасёк мяжу на машыне. Ён патэлефанаваў і паведаміў пра затрыманне, я вярнуўся. Першае, што мне паведамілі: "Кямран у вышуку".
Па словах адваката, журналіст знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання.
"У Кямрана былі знойдзеныя і канфіскаваныя 127 манатаў наяўнымі, пластыкавая карта і іншыя асабістыя рэчы. Асабісты дагляд быў праведзены без прысутнасці панятых і мяне як адваката".
Джавід Рзазадэ ўсё яшчэ не дапускаецца да свайго падабароннага. Паводле яго слоў, да гэтага часу не было ніякай інфармацыі пра тое, што Кямран Махмудаў знаходзіцца ў вышуку.
"Кямран Махмудаў затрыманы і дастаўлены ў Газахскае раённае ўпраўленне паліцыі. У цяперашні час вядзецца расследаванне".
Пра гэта Радыё "Азадлыг" паведамілі ў Газахскім РУП.
Кямран Махмудаў супрацоўнічаў з Радыё "Азадлыг" да закрыцця яго бакінскага офіса. Затым працаваў на анлайн-канале "Канал 13". З афіцыйных структур пакуль не ўдалося атрымаць інфармацыю пра прычыны яго вышуку і затрымання.
Кіраўнік і выканаўчы дырэктар бакінскага філіяла "Канала 13" Азіз Аруджаў 2 траўня быў арыштаваны ў адміністрацыйным парадку тэрмінам на месяц па абвінавачванні ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўніка паліцыі. 2 чэрвеня, пасля завяршэння тэрміну адміністрацыйнага арышту, Следчае ўпраўленне па цяжкіх злачынствах Генпракуратуры Азербайджана выставіла Аруджаву абвінавачванні па артыкулах 192.2.2 (незаконнае прадпрымальніцтва з атрыманнем буйнога даходу) і 308.2 (злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі) КК Азербайджана. Рашэннем Насімінскага раённага суда Баку ў дачыненні да Аруджава была абраная мера стрымання ў выглядзе арышту тэрмінам на 4 месяцы. Аруджаў абвінавачванні не прымае і заяўляе, што яго арышт звязаны з дзейнасцю узначаленага ім канала.