Журналісту Ягору Марціновічу ўручылі ў Сейме Літвы прэмію "Надзея Свабоды"

Ягор Марціновіч (другі злева) — лаўрэат прэміі "Надзея Свабоды"

Ягор Марціновіч (другі злева) — лаўрэат прэміі "Надзея Свабоды" / БАЖ

Беларускі журналіст Ягор Марціновіч атрымаў прэмію "Надзея Свабоды". Урачыстая цырымонія ўручэння прайшла падчас форуму свабоднай журналістыкі 7 снежня, паведамляе БАЖ. Паводле традыцыі гэты форум праходзіць у сейме Літвы.

У сваёй прамове Ягор Марціновіч адзначыў:

"Роўна год таму ў гэты дзень я ачышчаў шмаццё кашы з каструлі ў бабруйскай турме і не думаў пра свет дэмакратыі і свабоды, дзе неўзабаве апынуўся.

Мне пашанцавала больш, чым многім маім калегам, якія застаюцца ў такіх жа ці яшчэ горшых умовах. Яны застаюцца ў закладніках таму, што гатовыя былі ісці за свабодай слова да канца.

Гэта абсурд, што іх інтэлектуальны патэнцыял выкарыстоўваецца для рабскай працы і яшчэ больш жудасна, што сотні іншых журналістаў былі вымушаныя выехаць са сваёй краіны і знайсці часовы дом, каб працягваць хоць у нейкім выглядзе даносіць праўдзівую інфармацыю да чытачоў".

Літоўскую прэмію "Надзяе Свабоды" прызначаюць беларускім незалежным журналістам на знак падтрымкі свабоды слова. Яна ўручаецца чацвёрты год запар. Летась яе атрымаў Алег Груздзіловіч, у 2021-м — Андрэй Аляксандраў, у 2020-м годзе — Кацярына Барысевіч, Алена Таўкачова, Таццяна Каравенкава, Кацярына Андрэева і Дар'я Чульцова.

Ягор Марціновіч — экс-палітвязень, былы галоўны рэдактар "Нашай Нівы". Быў затрыманы ў 2021-м разам з Андрэем Скурко. Абодвум прысудзілі па 2,5 года зняволення, абвінаваціўшы ў няправільнай аплаце рахункаў за электрычнасць. Яны абодва мелі статус палітвязняў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі