Былы галоўрэд "Нашай Нівы" зрабіў першы пост у сацсетках пасля вызвалення
Ягор Марціновіч пасля вызвалення / facebook.com/jahor.marcinovich
Былы галоўны рэдактар "Нашай Нівы" і экс-палітвязень Ягор Марціновіч апублікаваў у сацсетках першы пост пасля вызвалення.
"Я хачу сказаць ВЕ-ЛІ-ЗАР-НЫ дзякуй тысячам беларусаў, якія падтрымлівалі мяне, дапамагалі мне ці іншым палітвязням альбо хаця б у душы перажывалі за нас. Гуртом шмат што лягчэй) Пастараюся адпісаць ці адзваніцца кожнаму, ад каго атрымліваў вестачкі. Я толькі пераканаўся, што прыстойных, сумленных беларусаў, сапраўдных патрыётаў нашай краіны ў разы больш, чым я мог сабе ўявіць у самых смелых фантазіях", — піша Марціновіч.
Ён кажа, што найбольш складана было сваякам палітвязняў, і выказвае ўпэўненасць у тым, што ў Беларусі пераможа здаровы сэнс.
"А персанальна для мяне важна, што я вяртаюся на свабоду з чыстым сумленнем. Мне не сорамна глядзець у вочы людзям, і гэта ўжо нямала", — рэзюмуе экс-палітвязень.
Мяркуючы па ўсім, журналіст ужо выехаў з Беларусі.
Супрацоўнікі "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч і Андрэй Скурко былі затрыманыя ў ліпені 2021 года. Іх асудзілі на 2,5 года калоніі, абвінаваціўшы ў тым, што пры арэндзе памяшкання яны плацілі "камуналку" па тарыфах для фізічных асоб, а не юрыдычных.
Пра выхад на волю Андрэя Скурко стала вядома 18 жніўня. Верагодна, тады ж быў вызвалены і Ягор Марціновіч.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.