Журналісты ў турме, 13 медыя прызнаныя "экстрэмісцкімі" — БАЖ падвёў вынікі года
Сярод тых, хто застаецца ў няволі, тэлежурналісткі Дар'я Чульцова і Кацярына Андрэева / "Наша Ніва"
У Беларускай асацыяцыі журналістаў прааналізавалі, што адбывалася з незалежнымі медыя Беларусі ў 2021 годзе. Вось толькі некаторыя вынікі: 32 прадстаўнікі СМІ па-ранейшаму застаюцца ў няволі, 13 беларускіх медыя прызнаныя "экстрэмісцкімі".
Журналістаў сёлета затрымлівалі больш за сто разоў. У іх і ў рэдакцыях медыя было праведзена больш за 140 ператрусаў. Каля 30 разоў журналістаў каралі адміністрацыйным арыштам. Агульная сума штрафаў, якую прысудзілі сёлета журналістам, складае 73 486 рублёў.
Камітэт па абароне журналістаў (CPJ), які месціцца ў Нью-Ёрку, у пачатку снежня апублікаваў даклад аб сітуацыі са усебадой СМІ ў свеце. Беларусь па колькасці затрыманых журналістаў апынулася на пятым месцы — пасля Кітая, М'янмы, Егіпта і В'етнама. На момант, калі складаўся даклад, яго аўтары ведалі толькі пра 19 прадстаўнікоў беларускіх медыя, якія знаходзяцца ў няволі.
У дакладзе CPJ гаварылася, што Аляксандр Лукашэнка "паказаў, як мала ён клапоціцца аб грамадскай думцы, і як шмат ён клапоціцца аб тым, каб застацца ва ўладзе".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.