Жыхары Магілёва спрабуюць уратаваць ад зносу 7 жылых дамоў

Магіляўчане, якія жывуць на вуліцы Крупскай, працягваюць змагацца за свае дамы. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне знесці іх, а людзей адсяліць. Тыя, хто мае прыватызаваныя кватэры, атрымаюць кампенсацыю і права засяліцца ў арэнднае жыллё, а тыя, хто жыў у дзяржаўных кватэрах — атрымаюць арэнднае жыллё з правам прыватызацыі.

Тым часам, памер кампенсацыі дагэтуль не вызначаны, а супрацьстаянне паміж жыльцамі і магілёўскімі чыноўнікамі працягваецца.

Не так даўно за жыхароў сямі дамоў, якія былі прызнаныя аварыйнымі, заступіўся першы намеснік міністра архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Кручанаў, які накіраваў чарговы ліст старшыні Магілёўскага аблвыканкама Пятру Рудніку. Ён настойвае на правядзенні паўторнага абследавання жылых дамоў, якія знаходзяцца на тэрыторыі былой вайсковай часткі па вул. Крупскай.

У красавіку і чэрвені Мінбудархітэктуры ўжо звярталася да Магілёўскага абласнога і гарадскога выканкамаў з даручэннем аб правядзенні паўторнага даследавання, аднак мясцовыя ўлады яго не правялі. На пачатку чэрвеня жыльцы звярнуліся ў міністэрства і пракуратуру са скаргай на бяздзейнасць Магілёўскага аблвыканкама і гарвыканкама.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што жыльцы прызначаных пад знос дамоў, нягледзячы на іх актыўнасць, не вераць у тое, што здолеюць адстаяць свае дамы. Тым больш, не ўсе гатовыя плаціць 177 мільёнаў рублёў за правядзенне незалежнай экспертызы.

“Грамадзяне падалі заяву ў суд з патрабаваннем аднавіць судовыя пасяджэнні, бо з’явіліся новыя праблемы. Частка людзей вагаецца, ці працягваць змагацца, бо не вераць, што можна выйграць. Частка людзей неплацежаздольная, таму і напісаная заява ў суд аб аднаўленні папярэдняга судовага пасяджэння, каб разабрацца з усімі гэтымі пытаннямі. Жыльцы гэтых дамоў таксама запісаліся на прыём да чыноўнікаў. Хочуць вырашыць пытанне мірна, бо ў гэтай справе шмат няўвязак і памылак з боку чыноўнікаў”, — кажа Барыс Бухель.

Праваабаронца адзначае, што грамадзяне пакуль устрымліваюцца ад напісання скаргі ў пракуратуру. Тым часам стала вядома, што ЖРЭУ не мела права даваць ацэнку стану гэтых дамоў.

“З адказаў са ЖРЭУ Ленінскага раёна, а таксама гарвыканкама бачна, што абследаванне дамоў праводзілася толькі візуальна. Тым часам ЖРЭУ не мае права праводзіць інструментальнае дэталёвае абследаванне, і ёсць праблема з метадалогіяй. То бок, ёсць пытанні як да арганізацыі абследавання, так і да метаду, які выкарыстоўваўся пры абследаванні. Адказы з агенцтва нерухомасці паказваюць, што ўстанова не ведае, калі гэтыя дамы былі пабудаваныя. Год пабудовы самага вялікага дома ўвогуле вызначыў гарвыканкам, і на яго спасылаецца агенцтва нерухомасці”, — распавядае Бухель.

Нагадаем, што напрыканцы 2013 года Магілёўскі гарвыканкам прызнаў сем дамоў па вуліцы Крупскай на тэрыторыі былой вайсковай часткі непрыдатнымі для жылля. Жыльцы гэта рашэнне апратэставалі праз суд. Людзі мяркуюць, што іх дамы замінаюць ўзвядзенню новага сучаснага мікрараёна і далёка не ўсе з’яўляюцца аварыйнымі.

Фота: tut.by

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі