Жыхары сталічнай Серабранкі занепакоіліся з’яўленнем у горадзе баброў (фота)
У сталічным мікрараёне Серабранка завяліся бабры. Яны атабарылся на Серабранскім канале і валяць там дрэвы. Фотасведчанне гэтай з’явы даслаў у рэдакцыю Onliner.by мінчанін Павел. Падгрызеныя і паваленыя дрэвы на выспах пасярод канала ён пачаў заўважаць цягам апошніх двух тыдняў.
Павел не радуецца з’яўленню ў горадзе гэтых прадстаўнікоў дзікай прыроды: бабры могуць праяўляць агрэсію ў дачыненні людзей, а побач з каналам школа і прыватны сектар.
У мінскім гарадскім камітэце прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя запэўнілі, што вялікай небяспекі ад баброў няма: гэтыя звяры падпілоўваюць дрэвы толькі на выспах і не стануць выходзіць на ўмацаваную набярэжную Серабранскага канала. Што да агрэсіі баброў, што спецыялісты параілі не прыставаць да гэтых дзікіх жывёл.
Таксама ў камітэце заявілі, што не стануць закрываць для баброў Мінск, бо “гэта кавалачак дзікай прыроды проста ў горадзе”, а папуляцыя не настолькі вялікая, каб займацца яе рэгуляцыяй.
Фота: re-actor.net, onliner.by