Жыхарку Брэста за пераводы палітвязням СК назваў "спонсарам экстрэмізму"

У Беларусі каля 1400 палітычных зняволеных

У Беларусі каля 1400 палітычных зняволеных / Еўрарадыё

63-гадовую жыхарку Брэста за пераводы палітвязням Следчы камітэт назваў "спонсарам экстрэмізму", яна знаходзіцца пад вартай. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" (ч. 1 арт. 361-4 КК). Расследаванне ўжо скончанае, справу перадалі пракурору для накіравання ў суд.

СК паведамляе, што да пенсіі жанчына працавала ў адной з вышэйшых навучальных устаноў Мінска намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце. У сакавіку 2021-га яна нібыта ў Telegram напісала "абразы на адрас прадстаўнікоў улады". Жанчыну асудзілі на паўтара года "хатняй хіміі". Гэты тэрмін яна ўжо адбыла.

Пазней увагу сілавікоў прыцягнула "падазроная актыўнасць жанчыны ў ажыццяўленні грашовых пераводаў". СК сцвярджае, што "ледзь не штодня яна адпраўляла розныя сумы на рахункі грамадзян, якія ўтрымліваюцца ў следчых ізалятарах", пераводзіла грошы "выключна асобам, якія ўчынілі злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці". Атрымліваецца, што жыхарка Брэста дапамагала палітычным зняволеным, якіх на сённяшні дзень у РБ каля 1400 чалавек (афіцыйна прызнаных праваабаронцамі).

Па версіі СК, гэта была не яе ініцыятыва. Сцвярджаецца, што жанчына была ў закрытай групе ў Facebook, "якая належыць экстрэмісцкаму фармаванню" і ў якой змяшчаліся заклікі падтрымліваць палітвязняў. Следчыя налічылі "не менш за 125 паштовых грашовых пералічэнняў на адрас не менш за 114 асоб на суму больш за 1,5 тысячы рублёў".

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, гаворка ідзе пра палітзняволеную Наталлю Малец.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі працягвае змагацца з любымі праявамі салідарнасці. Нават калі яны адбываюцца ў рамках дзейнага заканадаўства. 

Жыхарку Брэста за пераводы палітвязням СК назваў "спонсарам экстрэмізму"
Наталля Малец / prisoners.spring96.org

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі