Жырыноўскі: Аляксандр Рыгоравіч хоча ўсядзець на дзвюх табурэтках
Скандальны расійскі палітык Уладзімір Жырыноўскі заявіў, што Беларусь атрымае танны газ толькі калі захоча ўвайсці ў склад Расіі. На гэтую тэму ён напісаў у Telegram: "Ці нашыя ўзаемадачыненні рынкавыя, ці ўваходзьце ў склад Расіі і атрымлівайце нізкія кошты [на газ]".
Жырыноўскі лічыць, што Аляксандр Лукашэнка спрабуе знайсці іншы шлях. "А Аляксандр Рыгоравіч хоча ўсядзець на дзвюх табурэтках, — піша ён. — І суверэнітэт зберагчы, і атрымаць унутрырасійскія цэны на газ, каб зарабляць на перапродажы. Так не бывае".
Расійскі палітык упэўнены, што Масква на варыянт Лукашэнкі не пагодзіцца. Больш таго, ён сцвярджае, што калі цяпер у Беларусі правесці рэферэндум, то "абсалютная большасць" прагаласавала б за "вяртанне ў склад Расіі". Ён спасылаецца на вынікі рэферэндума 1990-га, калі 82% беларусаў былі за захаванне СССР.
Звычайна Уладзімір Жырыноўскі выказвае публічна пазіцыю ўладаў Расіі, якую яны з розных прычын наўпрост не агучваюць. Нядаўна прэм'ер-міністр Расіі Дзмітрый Мядзведзеў прапанаваў Беларусі перайсці на расійскі рубель. 25 снежня ў Маскве мусіць адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Гаворка пойдзе і пра "танны газ", і пра "падатковы манёўр", і пра "паглыбленне інтэграцыі".