"Злачынства супраць нацыі": эксперты пра тое, як рыхтавацца да рэферэндуму
— Я спадзяюся, што будзе выпрацавана агульная інфармацыйная стратэгія ўсіх палітычных, грамадскіх арганізацый. А вось што далей? Маё меркаванне: нам трэба рыхтавацца да горшага варыянта, але быць гатовымі да лепшага. Трэба быць гатовымі, што, калі мабілізацыя будзе такая ж, як у жніўні 2020-га, ёй трэба скарыстацца. Але рэалістычна разлічваць на горшы варыянт, — упэўнены грамадскі дзеяч Зміцер Шчыгельскі.
Улады абяцаюць правядзенне рэферэндуму па Канстытуцыі ў лютым 2022 года. Новая рэдакцыя ўжо прадстаўленая Лукашэнку. Што збіраюцца рабіць палітычныя сілы і грамадзянская супольнасць? Ці здолеюць выпрацаваць агульную стратэгію, якая б аб’яднала ўсіх, хто прагне дзеяння?
Эксперты — прадстаўнік каманды Уладзіміра Мацкевіча палітолаг Андрэй Ягораў, прадстаўнік платформы “Зубр” Павал Патапаў і грамадскі дзеяч Зміцер Шчыгельскі — выказалі сваё меркаванне па гэтай тэме ў дыскусіі на Еўрарадыё.
“Ніякія рэферэндумы не магчымыя”
Зміцер Шчыгельскі: Гэта не рэферэндум пра Канстытуцыю, гэта рэферэндум пра легітымнасць Лукашэнкі. Канстытуцыя тут толькі для таго, каб гэты рэферэндум правесці. Ён спрабуе паказаць, што грамадства робіць тое, чаго ён хоча. То-бок сказаў людзям пайсці — яны пайшлі. Раз яны пайшлі, значыць, я прэзідэнт, яны выконваюць мае загады, значыць, улада легітымная.
Канстытуцыя тут абсалютна другасная. С тэзісамі фiлосафа Мацкевіча я пагаджаюся, гэта абсалютна добрыя тэзісы. Ніякія рэферэндумы зараз не магчымыя і злачынныя па любых пытаннях — пакуль няма свабоды СМІ, пакуль няма абмеркавання ў грамадстве.
Павал Патапаў: Выбары і любы электаральны працэс у аўтарытарных рэжымах — гэта перыяд змены скуры, калі дыктатар уразлівы. Трэба гэтай кампаніяй карыстацца, каб яшчэ раз паказаць, што Лукашэнка нелегітымны і большасць супраць.
Як сарваць рэферэндум?
Павал Патапаў: Калі мы гаворым пра зрыў рэферэндуму, то ў нас ёсць два шляхі. Першы — нізкая яўка. Каб рашэнне было прынята, за яго павінна прагаласаваць больш за 50 адсоткаў са спіса грамадзян. Другі варыянт — гэта несапраўдныя бюлетэні. Выкарыстоўваем лічбу як паказчык, што беларусы не прымаюць рэферэндум як легітымны.
Зміцер Шчыгельскі: Я ўпэўнены ў адной рэчы: калі вы не можаце спыніць злачынства, у ім патрэбна не ўдзельнічаць. Рэферэндум зараз — гэта злачынства супраць нацыі, грамадства.
Андрэй Ягораў: Я лічу, што калі чалавек робіць так, як яму загадаў начальнік, — гэта саўдзел. Калі абіраецца стратэгія зрываць рэферэндум праз сапсаванне бюлетэняў, то грамадзянін можа зрабіць гэта цалкам ананімна, ніхто не пракантралюе, якія галачкі ён паставіў. Важна, што гэта мусіць быць калектыўнае дзеянне, да якога заклікаюць усе сілы. Трэба матываваць людзей выказвацца на гэты конт.
Якая стратэгія будзе найлепшай?
Зміцер Шчыгельскі: Найлепшай будзе агульная стратэгія. Але для таго, каб яе выпрацаваць, трэба размаўляць і дамаўляцца. Мне падабаецца тое, што ўсе больш-менш аддаюць сабе справаздачу, што рэферэндум злачынны, што трэба зрабіць усё, каб яго сарваць.
Я спадзяюся, што будзе выпрацаваная агульная інфармацыйная стратэгія ўсіх палітычных, грамадскіх арганізацый. А вось што далей? Маё меркаванне: нам трэба рыхтавацца да горшага варыянта, але быць гатовымі да лепшага. Трэба быць гатовым, што калі гэтая мабілізацыя будзе такая ж, як у жніўні 2020-га, каб ёй скарыстацца. Але рэалістычна разлічваць на горшы варыянт.
Андрэй Ягораў: Калі мы размаўляем пра зрыў рэферэндуму, мне не падабаюцца рэчы, якія ёсць у абмеркаванні. Першае — гэта тое, што мы замыкаемся на падабенстве тых дзеянняў, якія былі зробленыя ў 2020 годзе. То-бок гэта бюлетэні, “Голас” і гэтак далей. Мы спрабуем увайсці ў адну раку двойчы. Гэта сумнеўна заўсёды ў палітыцы.
А другое, што не падабаецца: частка палітычных сілаў да сённяшняга часу разлічвае на нейкі мабілізацыйны эфект. Але рэферэндум — бессэнсоўны, людзі разумеюць. І нічога не вырашае прынцыпова для людзей. Гэта не матывуе іх потым абараняць свой выбар. Выбару няма. Мы зрываем сам рэферэндум. На гэтай негатыўнай энергетыцы ніякай мабілізацыі не атрымоўваецца. І сама мабілізацыя вельмі праблемная рэч у сённяшніх умовах. Грамадства знаходзіцца ў трэндзе дэмабілізацыі.
Як зацікавіць неактыўную частку беларускага грамадства?
Павал Патапаў: Два варыянты ёсць. Я думаю, зацікаўленасць з'явіцца, як толькі гэтая пляцоўка запрацуе і ў нас створыцца зноўку публічная палітыка. Адна з істотных праблем прыхільнікаў пераменаў у тым, што ў нас усё цяпер вырашаецца ў кулуарах. Нават пытанне ўзгаднення стратэгіі. Мы цяпер выйшлі ў СМІ, а да гэтага гэта ўсё праводзілася ў прыватных чатах без грамадскага абмеркавання. Калі з'явіцца публічная палітыка, з'явіцца да яе і цікавасць. Будуць бачыць празрыста, як гэта ўсё адбываецца, у каго якая пазіцыя.
Па-другое, я лічу, што трэба пашыраць магчымасць больш інклюзіўнай дыскусіі. Гэта не павінна быць паміж Латушкам, Ціханоўскай і Вячоркам. Павінны быць прадстаўнікі мясцовых супольнасцяў, можа, гэта будзе цяжка, частка з іх у Беларусі, частка не. Але, акрамя вядомых палітыкаў, павінны быць прадстаўнікі розных груп і выказваць сваё меркаванне. Мала таго, што яны павінны выказвацца, яшчэ і іх голас павінен уплываць на фінальнае рашэнне. Калі ўмовы будуць выкананыя, мы проста пакажам, што ў нас ёсць іншы варыянт, мы збіраемся канструктыўна крок за крокам разам прымаць рашэнне.
А калі зноў будзе фальсіфікацыя?
Павал Патапаў: Трэба вельмі важны ўрок вынесці з кампаніі 2020 года. Калі праводзіцца добрая інфармацыйная кампанія, калі паўсюль ствараецца адпаведны наратыў, то нікому няма справы да лічбаў ЦВК, да таго, што кажа дзяржпрапаганда.
Ярмошына сказала “80 працэнтаў”, але каму да гэтага ёсць справа? Пытанне не ў тым, як рэжым адрэагуе, нам трэба стварыць свой наратыў на гэтую кампанію, каб людзі пасля кампаніі ўбачылі і ўсвядомілі, што рэферэндум не мае сілы ніякай.
Зміцер Шчыгельскі: Сфальсіфікаваць можна ўсе: і яўку, і бюлетэні сапсаваныя. Пытанне ў грамадстве, я пагаджуся з Паўлам. Калі грамадзянін разумее: я туды не хадзіў, мае знаёмыя туды не хадзілі, тыя, хто хадзіў, — пад прымусам. Тады ўсе, як і ў 2020 годзе, будуць разумець, што Лукашэнку не ўдалося адстроіць сваю легітымнасць. На мой погляд, гэта асноўнае.
Ці выйдуць людзі на вуліцы?
Зміцер Шчыгельскі: Гэта не тое пытанне, за якое людзі гатовыя ісці пад дубінкі, а магчыма, і пад кулі. Што рабіць? Далей рыхтавацца і рыхтаваць структуры ўнутры Беларусі, якія будуць падрыхтаваныя для таго, каб падчас наступнага палітычнага крызісу забраць уладу ў злачынцы любым шляхам. Не ведаю, калі і пасля чаго, але такі момант будзе, таму што тыя супярэчнасці, якія прывялі да 2020 года, не вырашаныя. Трэба, каб была структура, якая гатовая момантам скарыстацца. Забраць уладу ў злачынцы — гэта грамадзянскі доўг, а не злачынства.
Андрэй Ягораў: Я звярну ўвагу на іншы аспект. Мне падаецца, што грамадства моцна змянілася ў сэнсе грамадзянскага адчування. Калі мы адносімся да пытанняў Канстытуцыі, нібыта яны не маюць значэння, то гэта не надта грамадзянскае стаўленне. Яны хочуць у нашай краіне ўсё перагарнуць і сказаць, што гэта нармальна, без нашай згоды. Мне падаецца, што людзі значна больш гатовыя да разумення таго, што Канстытуцыю бруднымі лапамі чапаць нельга.
Што рабіць сёння?
Андрэй Ягораў: Кажыце, што гэта цырк, што гэта недапушчальна, злачынства, што мы з гэтым не згодны. У сацыяльных сетках, у дваровых супольнасцях, у камунікацыі з лідарамі штурхайце там, дзе можаце, каб іншыя выказваліся публічна. Заганяйце на пляцоўкі, на грамадскія слуханні. Мусіць быць бурленне грамадства наконт рэферэндуму.
Павал Патапаў: Пытанне ў тым, што цяпер галоўнае: гэта ўзгадненне агульных дзеянняў. І адпаведна, агульная дыскусія. Першачарговае — пабудаваць дыялог.
Зміцер Шчыгельскі: Першае — не саўдзельнічаць у злачынстве. Другое — не верыць, усё правяраць, да ўсіх лідараў ставіцца вельмі падазрона і вельмі рацыянальна. Трэцяе — рабіць тое, што неабходна, каб стаць грамадзянінам, вучыцца збіраць інфармацыю. Чацвёртае — рыхтавацца да таго моманту, калі можна будзе пераламаць сітуацыю.
Для таго каб выпрацоўваць новую Канстытуцыю, мяняць законы, патрэбна, каб грамадства ўзяло ўладу ў свае рукі. Пакуль гэтага не будзе, будзе працягвацца тое, што адбываецца зараз. Як вярнуць уладу, усе разумеюць. І да гэтага трэба рыхтавацца.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.