Зламыснік, які падпаліў беларускі завод ва Украіне, уцякаў па прасцінах з акна
Зранку 1 жніўня ў Адэсе падчас маштабнай аперацыі затрымалі зламыснікаў, якіх падазраюць у падпале Беларускага асфальтнага завода, інфармуе прэс-служба Нацыянальнай паліцыі Украіны.
Мяркуецца, што затрыманыя маюць дачыненне да падзеяў, якія адбыліся 22 лютага ў горадзе Новы Буг Мікалаеўскай вобласці Украіны. Тады ахоўнік асфальтнага завода паведаміў, што на тэрыторыю прадпрыемства забраліся невядомыя. Яны збілі вартаўніка, звязалі яго і падпалілі запальнай сумессю панэль кіравання і генератар кампаніі. Калі вартаўніка адпусцілі, ён выклікаў паліцыю і ратавальнікаў.
Прадпрыемства належыць Беларускай будаўнічай кампаніі. Раскрыццё злачынства было пад асабістым кантролем прэзідэнта Украіны.
Аператыўнікі высочвалі зламыснікаў на працягу пяці месяцаў і збіралі доказы іх злачыннай дзейнасці. Мяркуецца, што матывам злачынства стала канкурэнцыя ў бізнесе.
У групу ўваходзілі тры адэсіты — 30, 35, 42 гадоў. Усе яны, як адзначаюць у паліцыі, маюць "злачынны стаж". Іх удзел у падпале і знішчэнні маёмасці асфальтнага завода пацвярджае ДНК-экспертыза, праведзеная па слядах з месца здарэння.
Дарэчы, падчас ператрусу адзін з зламыснікаў спрабаваў уцячы па звязаных прасцінах праз акно кватэры на чацвёртым паверсе. Дома ў двух абвінавачаных следчыя канфіскавалі мабільныя тэлефоны, якія выкарыстоўваліся злачынцамі для кантактаў, і машыну, на якой яны ехалі ў дзень злачынства.