"Злодзей у законе" Аляксандр Кушнераў атрымаў 24 гады калоніі
Аляксандр Кушнераў у судзе / mlyn.by
23 чэрвеня "злодзей у законе" Аляксандр Кушнераў (больш вядомы як "Саша Кушнер" і "Саша Беларус") атрымаў 24 гады калоніі асаблівага рэжыму. Першыя пяць гадоў ён правядзе ў турме. Кушнерава прызналі вінаватым у арганізацыі падрыхтоўкі да "замоўнага" забойства двух чалавек. Крымінальную справу разглядаў Мінскі гарадскі суд, піша "Мінская праўда".
Аляксандру Кушнераву 56 гадоў. Ён мае шэсць судзімасцяў. Затрымалі яго ў мінулым годзе перад выездам у РФ. Па звестках следства, з помсты "злодзей у законе" планаваў арганізаваць забойства ў Маскве бізнесмена і "крымінальнага аўтарытэта", і знайшоў наймітаў, якім паабяцаў 700 тысяч долараў (частку грошай і зброю паспеў перадаць).
Кушнераў — ураджэнец Гомеля, удзельнічаў у сумнавядомай "бандзе Марозава". Ён стаў "злодзеем у законе" ў 2011 годзе ў Маскве, як сцвярджаў, з дапамогай тагачаснага крымінальнага аўтарытэта Дзеда Хасана. Быў першым за доўгі час "каранаваным" беларусам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.