"Знаёмыя называюць героем": як экс-сілавікі рэагуюць на пазбаўленне званняў

Максім Дзенісевіч і Аляксей Шаметавец / Еўрарадыё
Максім Дзенісевіч і Аляксей Шаметавец / Еўрарадыё

6 траўня апублікаваны указ Аляксандра Лукашэнкі аб пазбаўленні былых сілавікоў воінскіх і спецыяльных званняў. Сярод іх як тыя, хто сышоў пасля жніўня 2020-га, так і тыя, хто пакінуў сілавыя структуры шмат гадоў таму. Усе яны з пункту гледжання беларускіх уладаў здзейснілі "дзеянні, не сумяшчальныя са статусам вайскоўца і супрацоўніка сілавога ведамства".

Еўрарадыё пацікавілася ў тых, каго ўнеслі ў гэты "спіс здраднікаў": як ім цяпер жывецца — без ранейшых званняў?

— Як тут пракаментаваць? Гэта смешна і недарэчна, але я быў гатовы да такога, для мяне гэта не стала сюрпрызам. Ушчэмленым сябе не адчуваю, — адказвае Аляксей Шаметавец, экс-прапаршчык, які служыў у цэнтральным камандным пункце ВПС і войскаў ППА.

“Знакомые называют героем”: как экс-силовики реагируют на лишение званий
Рапарт на звальненне Аляксея Шаметаўца / Еўрарадыё

Па словах Аляксея, пра тое, што яго пазбавілі звання, ён даведаўся ад знаёмых.

— Ніхто пра гэта мне не паведамляў. Хачу вось з'ездзіць у ваенкамат і зрабіць запіс у ваенным білеце, каб потым не выклікалі.

У жніўні 2020-га было нямала тых, хто выкідваў у сметніцу дэмбельскую форму і пагоны, запісваў гнеўныя відэа. А чым звычайны прапаршчык, які пайшоў з меркаванняў сумлення, мог насаліць уладам? Аляксей губляецца ў здагадках.

— Можа, гэта праз тое, што служыў у такой часці — цэнтральны камандны пункт? Сярод тых, хто страціў званні, ёсць нават тыя, хто звольніўся не па палітычных, а па сямейных абставінах. Я з адным з гэтых людзей меў зносіны, дык ён мне кажа: "Я звольніўся, таму што ад мяне жонка ледзь не пайшла. Чаму цяпер пра мяне крычаць, што я здраднік?"

Асабістыя звесткі сілавікоў, якія пайшлі з меркаванняў сумлення, публікаваліся ў праўладных тэлеграм-каналах. Пра Шаметаўца там напісалі як пра "ахвяру інфармацыйнага шуму". Ён кажа, што пасля публікацый у гэтым тг-канале былыя сілавікі зазналі пераслед, падаграваны прапагандыстамі з дзяржаўных СМІ.

“Знакомые называют героем”: как экс-силовики реагируют на лишение званий

— У гэтай групе і нумары тэлефонаў, і нашы сапраўдныя адрасы паказалі. І цяпер пастаянна тэлефануюць тыя, хто, як я разумею, падтрымлівае Лукашэнку, кажуць "здраднік" і дзіч усякую. Я на гэта не звяртаю ўвагі. Заняты цяпер, працую, нават навіны асабліва чытаць няма калі.

За апошнія месяцы ў Беларусі распачата некалькі крымінальных спраў у дачыненні да тых, хто публікаваў у сеціве звесткі дзейных міліцыянераў, суддзяў і пракурораў. Ці будуць аналагічныя крымінальныя справы супраць тых, хто размясціў у тэлеграме асабістыя звесткі былых сілавікоў? А калі не — значыць, у Беларусі, як у "Ферме" Джорджа Оруэла, "усе роўныя, але некаторыя раўнейшыя за іншых"?

Што наконт пазбаўлення званняў думаюць іншыя экс-сілавікі, якія трапілі ў спіс?

“Знакомые называют героем”: как экс-силовики реагируют на лишение званий

— Пайшоў таму, што стала сорамна насіць форму. Кляўся абараняць народ і Канстытуцыю, а не ўладу. Ніхто мяне не папракае, наадварот, сябры, суседзі, знаёмыя называюць героем, — кажа былы аператыўны дзяжурны в/ч 25888 Вячаслаў Кавалевіч. — Чаму мяне ўключылі ў гэты спіс? Ды як заўсёды: кагосьці заўважылі, кагосьці не. Я ганаруся, што мяне адзначылі. Калегі ні ў чым не абвінавачваюць, хіба што могуць папрасіць знайсці месца ў цывільным жыцці. Сам я цяпер вучуся, нядаўна атрымаў узровень англійскай В1, скончыў курсы тэсціроўшчыка. Пра тое, што пайшоў, не шкадую. Сёння зрабіў бы гэтаксама.

“Знакомые называют героем”: как экс-силовики реагируют на лишение званий

— Якія ў мяне адчуванні? Дзівосныя. Я сапраўды рады, што мяне пазбавілі гэтага звання, бо мяне больш нічога не звязвае з гэтыя падлюкаватым рэжымам. Мой дзед заўсёды мне казаў: "Максімка, на дурняў не абражайся", — расказвае Еўрарадыё былы старшы лейтэнант унутраных войскаў Максім Дзенісевіч. — Падтрымліваю сувязь са многімі калегамі, пачынаючы ад падпалкоўнікаў і заканчваючы сяржантамі. Зразумелая рэч, ёсць людзі, якія не згодныя з маім пунктам гледжання і абмяркоўваюць мяне ў вузкім коле. Але нават у гэтым вузкім коле ёсць людзі, якія скідваюць перапіскі "нязгодных". Мяне гэта сапраўды радуе: сістэма хутка не вытрымае, усё згарыць.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі