Знойдзенае цела спартсменкі-лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай
Цела зніклай спартсменкі-лёгкаатлеткі Юліі Балыкінай знойдзенае ў лясным масіве ў Смалявіцкім раёне, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Міністэрства ўнутраных справаў. Пошукі жанчыны вяліcя з 28 кастрычніка, але доўгі час не давалі выніку. З 8 лістапада для гэтых мэтаў МУС штодня выдзяляла 300 салдат унутраных войскаў, якія прачэсвалі лес. Цела спартсменкі, загорнутае ў цэлафан і старанна прыкрытае мохам, знайшлі каля вёскі Старына Смалявіцкага раёна. Цяпер на месцы працуе следча-аператыўная група ўпраўлення Следчага камітэта па Мінску з удзелам экспертаў-крыміналістаў і судмедэкспертаў.
31-гадовая Юлія Балыкіна працавала дзіцячым трэнерам у спартовым таварыстве “Дынама”. Яна была шматразовай чэмпіёнкай Беларусі па бегу (спрынт) і ўдзельнічала ў Алімпіядзе-2012.
28 кастрычніка яна знікла. Падчас агляду яе месца жыхарства і аўтамабіля эксперты прыйшлі да высновы, што знікненне носіць крымінальны характар. Праз некалькі дзён па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства быў затрыманы знаёмы пацярпелай. На яго завялі крымінальную справу за забойства. У міліцыі мяркуюць, што ён наўмысна не паведамляў дакладнае месцазнаходжанне трупа.
Сябар хлопца, падазраванага ў забойстве трэнера: Канфлікт пачаўся з-за рамонту