Золатавалютныя рэзервы Беларусі на 1 студзеня склалі 9,4 мільярда долараў
Міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусь па стане на 1 студзеня 2020 года склалі 9 393,5 мільёна долараў ЗША (у эквіваленце), паведамляе прэс-служба Нацбанка.
Нацбанк ідзе з апераджэннем планаў. Паводле Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2019 год, аб'ём міжнародных золатавалютных рэзерваў (ЗВР) на 1 студзеня 2020 года павінен быў скласці не менш як 7,1 мільярда долараў ЗША.
Агулам па выніках 2019 года міжнародныя рэзервовыя актывы Беларусі выраслі на 2,2 мільярда долараў ЗША (або на 31,2%). Іх рост за снежань склаў на 234,7 мільёна долараў ЗША (2,6%).
Асноўнымі крыніцамі папаўнення ЗВР у 2019 годзе былі купля Нацбанкам замежнай валюты на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы, паступленні ў бюджэт падаткаў, пошлін ды іншых плацяжоў у замежнай валюце, а таксама эмісія Міністэрствам фінансаў і Нацыянальным банкам аблігацый, намінаваных у замежнай валюце.
Пры гэтым урад і Нацбанк летась выплацілі па знешніх і ўнутраных пазыках каля 4,2 мільярда долараў ЗША, у тым ліку ў снежні — блізу 355 мільёнаў долараў ЗША.
У адпаведнасці з Асноўнымі напрамкамі грашова-крэдытнай палітыкі на 2020 год аб'ём ЗВР праз год (1 студзеня 2021 года) павінен скласці не менш за 7,3 мільярда долараў ЗША.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.