ЗША арыштавалі актывы 7 расійскіх чыноўнікаў
Адпаведны ўказ выдаў прэзідэнт Барак Абама.
Паводле гэтага дакумента, Злучаныя Штаты блакуюць уласнасць віцэ-прэм'ера Дзмітрыя Рагозіна, дарадцаў прэзідэнта Расіі Сяргея Глазьева і Уладзіслава Суркова, кіраўніцы Савета Федэрацыі Валянціны Мацвяенкі, сенатара Андрэя Клішаса, дэпутатаў Дзярждумы Алены Мізулінай і Леаніда Слуцкага.
Нагадаем, такім чынам ЗША адрэагавалі на дзеянні Расіі ў Крыме, куды былі ўведзеныя расійскія войскі (хаця гэта афіцыйна і не прызнана Масквой) ды праведзены рэферэндум, які не прызнаны светам.
Сёння ж ЕС зацвердзіў "чорны спіс" расійскіх чыноўнікаў і сілавікоў. Планавалася, што ў ім будзе да 130 прозвішчаў. Аднак Савет Еўрасаюза зацвердзіў спіс з 21 чалавека. Прычым гэта не толькі расіяне, але і былыя ўкраінскія чыноўнікі. Ім забаронены ўезд на тэрыторыю ЕС, а іх актывы будуць заблакаваныя.
Фота — AFP