ЗША ўнеслі ў "чорны спіс" ПВК "Вагнер", супрацоўнікаў ГРУ
Дзярждэпартамент ЗША пашырыў расійскі "чорны спіс". У яго дадалі 27 расійскіх грамадзян і 6 кампаній, звязаных са сферамі абароны і разведкі, інфармуе meduza.io. Вядома, што сярод іх — сумнавядомая прыватная вайсковая кампанія "Вагнер" (яе байцы раней "засвяціліся" на Данбасе, у апошнія гады — у Сірыі і Афрыцы), супрацоўнікі ГРУ, якіх Злучаныя Штаты абвінавачваюць ва ўмяшальніцтве ў выбары прэзідэнта, набліжаны да Уладзіміра Пуціна бізнесмен Яўген Прыгожын.
Цяпер у расійскім "чорным спісе" 72 асобы і кампаніі. Яго можна паглядзець тут. ЗША наклалі абмежаванне на кантакты з гэтымі людзьмі і структурамі.
У Дзярждэпартаменце ЗША патлумачылі, што мэта пашырэння санкцый — ускласці на Расію цану за ўмяшальніцтва ў выбарчы працэс у ЗША, за непрымальныя дзеянні на ўсходзе Украіны і за "іншую шкодную дзейнасць".