ЗША вітаюць увядзенне эканамічных санкцый супраць Беларусі

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен​ / Reuters
Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен​ / Reuters

Вашынгтон вітае рашэнне Еўрасаюза ўвесці эканамічныя санкцыі супраць Беларусі, напісаў у Twitter дзяржсакратар ЗША Энтані Блінкен.

"Разам з нашымі партнёрамі мы патрабуем прыцягнення да адказнасці за парушэнні правоў чалавека і інцыдэнт з Ryanair 23 траўня", — заявіў ён.

Еўразвяз напярэдадні ўхваліў сектаральныя эканамічныя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Яны пачынаюць дзейнічаць з сённяшняга дня. Пад абмежаванні трапілі нафтаперапрацоўка, экспарт калійных угнаенняў, банкаўская сфера, тытунёвы бізнес і тэхналогіі відэаназірання. Падставай для прыняцця гэтай пастановы сталі сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі і прымусовая пасадка самалёта Ryanair у Мінску 23 траўня 2021 года, гаварылася ў абгрунтаванні. 

Між тым эксперты звяртаюць увагу, што абмежаванні не закранаюць шэраг пазіцый, якія складаюць вялікую долю беларускага экспарту. Расійскі "Коммерсант" звяртае ўвагу, што ў выпадку нафтапрадуктаў пад забарону трапілі толькі пастаўкі бітуму, нафтавых газаў і парафінаў, а ключавыя тавары — бензін і дызпаліва — пазбеглі санкцый. Падобная сітуацыя і з экспартам калійных угнаенняў. Пад абмежаванні трапляе толькі тэхнічны калій з утрыманнем K2O менш за 40% і больш за 62%. Такі калій ўжываецца ў хімічным сектары і металургіі. Між тым, асноўны экспартны тавар — калій з утрыманнем 40-60% K2O — пад санкцыі не трапіў.

Хаця, магчыма, у гісторыі з палівам абмежаванні ўсё ж будуць працаваць. Яно ўключаецца у мытны код 2710, які згадваецца ў дакументах аб санкцыях.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі