Зваршчыка, які выпускае бюлетэнь на заводзе, выклікалі ў міліцыю
Праверыць законнасць выдання Валадара Цурпанава міліцыю папрасіў кіраўнік Арматурнага завода пад Магілёвам.
Грамадскі актывіст працуе зваршчыкам на Арматурным заводзе ў вёсцы Салтанаўка ў Магілёўскім раёне. Ён выдае бюлетэнь “Валадарынка”, у якім распавядае пра асаблівасці і ўмовы працы на заводзе. Днямі Валадара Цурпанава выклікалі ў Магілёўскі РАУС. Заяву ў міліцыю на яго напісаў ўласнік прадпрыемства Мікалай Сыса, які папрасіў праваахоўнікаў праверыць законнасць выхаду дадзенага бюлетэня на заводзе.
Грамадскі актывіст адзначае, што завод, на якім ён працуе, з’яўляецца ледзь не найгоршым па ўмовах працы ў Магілёве і Магілёўскім раёне: заробкі нізкія, стаўленне да работнікаў абыякавае, тэхніка бяспекі парушаецца, санітарна-бытавыя ўмовы не адпавядаюць ніякім нарматывам. Пра гэта актывіст і распавядае ў сваім бюлетэні.
Валадар Цурпанаў: “Відаць, выхад бюлетэня вельмі нервуе гаспадара прадпрыемства, бо менавіта сам уласнік завода парупіўся пра тое, каб адправіць зварот за сваім подпісам з нагоды таго, каб там праверылі законнасць выхаду майго бюлетэня. Калі гэта расцэньваць як ацэначны крытэрый, то, магчыма, гэта сведчыць пра сур’ёзнасць стаўлення наймальніка да маёй дзейнасці”.
Бюлетэнь “Валадарынка” выдаецца накладам усяго ў 20 асобнікаў, аднак некаторыя работнікі самастойна яго размнажаюць на ксераксе і распаўсюджваюць у працоўным калектыве. На дадзены момант выйшла 5 нумароў. І Валадар Цурпанаў мае законнае права займацца выпускам такога інфармацыйнага бюлетэня, адзначае праваабаронца Барыс Бухель.
Барыс Бухель: “Цурпанаў мае поўнае законнае права выпускаць любое друкаванае выданне накладам да 299 асобнікаў, як таго патрабуе закон. Змест выдання — гэта ўжо іншае пытанне. Калі там будзе абраза альбо недакладныя звесткі, то ў грамадзянскім парадку на яго могуць падаваць у суд. Калі ж няма праблем, і ён усё піша дакладна, то ў яго на гэта ёсць поўнае законнае права”.
Тым не менш, грамадскі актывіст адзначае, што яму ўжо некалькі разоў прапаноўвалі звольніцца па ўласнай ініцыятыве, аднак ён адмаўляецца. Скасаваць жа кантракт з ім наймальнік не можа, бо яго проста не існуе. Валадар знаходзіцца на бестэрміновай працоўнай дамове. Актывіст і далей плануе працягваць змаганне за паляпшэнне ўмоваў працы на сваім прадпрыемстве.
Валадар Цурпанаў: “Мой бюлетэнь ставіць перад сабой мэту інфармаваць калег пра тое, што я раблю, то бок, як я спрабую змяніць умовы нашай працы. Гэта першы момант. Другі момант звязаны з тым, што адміністрацыя настройвае калектыў супраць мяне, а я хачу гэтаму супрацьдзейнічаць, бо калектыўнае стаўленне калегаў для мяне вельмі важнае. І па-трэцяе, гэта сведчанне наймальніку, што ёсць праблемы на прадпрыемстве і іх трэба вырашаць”.
Варта дадаць, што ўласнікам Арматурнага завода, на якім працуе Валадар, з’яўляецца “Група кампаній “Протас””, якая належыць Мікалаю Сыса. Паводле рэйтынга, які быў складзены інтэрнэт-выданнем “Ежедневник” у 2011 годзе, Мікалай Сыса ўваходзіць у шэраг найбольш паспяховых і ўплывовых бізнесоўцаў Беларусі.
Спецыяльна для праграмы “Кардыяграма”.
Фота svaboda.org