Зяленскі: народ Беларусі спыніў Лукашэнку ад уступлення ў вайну
Беларускі народ спыніў Аляксандра Лукашэнку ад уступлення ў вайну супраць Украіны. Такое меркаванне Уладзімір Зяленскі выказаў падчас размовы з украінскімі журналістамі.
Ён параўнаў грамадскія настроі ў Беларусі і Расіі і зрабіў выснову на карысць беларускага народа.
"На жаль, ракеты ляцелі ад яго (Лукашэнкі), і ён выдатна пра гэта ведае. Аднак мы бачым, што ён нейкія там крокі рабіў, каб не ўступіць у вайну. Не факт, што не ўвойдзе, не факт, што не ўступіць. Мы гэтага не ведаем да канца. Вайна не скончылася. Аднак яму трэба глядзець на свой народ. І народ Беларусі супраць вайны з Украінай. Калі параўноўваць статыстыку, трагічную, дарэчы, статыстыку народа Расійскай Федэрацыі і народа Беларусі, вы можаце ўбачыць, што стаўленне беларусаў да ўкраінцаў нашмат лепшае, чым стаўленне расіян. Гэта праўда, хоць, як кажуць, усе мы суседзі", — патлумачыў Зяленскі.
Расійскія войскі выкарыстоўваюць тэрыторыю Беларусі для наступу на Украіну. Таксама расійскія вайскоўцы лечацца ў Беларусі. Аднак пакуль што ніякіх доказаў удзелу беларускіх войскаў у баявых дзеяннях супраць Украіны няма.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.