19 снежня 2010 года вачыма журналістаў Еўрарадыё
Роўна 6 гадоў таму ў Беларусі прайшлі выбары прэзідэнта. Яшчэ да падвядзення афіцыйных вынікаў былі затрыманыя ўсе (акрамя аднаго) кандыдаты, а на плошчы Незалежнасці ў Мінску жорстка разагналі акцыю пратэсту і затрымалі сотні людзей. Жывы эфір Еўрарадыё 19 і 20 снежня 2010 года працаваў кругласутачна. Мы сабралі для вас самыя цікавыя моманты ў храналагічным парадку.
18-25: Зміцер Лукашук: "Усіх пачалі збіваць і валіць на зямлю невядомыя людзі. Нас паклалі ў снег. Але Някляева збілі да непрытомнасці".
20-15: Арцём Мартыновіч: "Людзі збіраюцца на плошчы".
20-50: Людміла Шастак: Людзі стаяць вельмі шчыльна. Кажуць, што людзей больш, чым 5 год таму".
Калона рушыла па праспекце Незалежнасці
20-59: Зміцер Лукашук: "Людзі перакрылі праспект. Не магу прадказаць, чым гэта закончыцца".
21-08: Віталь Ругайн: "Галава калоны амаль ля Галоўпаштамту, а хвост я не бачу".
21-35: Зміцер Лукашук: "Натоўп ад Чырвонага касцёла пайшоў у бок Дома Ураду".
21-50: Зміцер Лукашук: "Пабілі адну шыбу ў дзвярах Дома Ураду".
22-25: Віталь Ругайн: "Я чую як б'ецца шкло. Дзверы выламалі".
22-30: Зміцер Лукашук: "Спецназ стаў перад дзвярыма. У іх ляцяць снежкі".
22-50: Зміцер Лукашук: "Спецназ сышоў пад воплескі, але радавацца зарана".
Разгон
23-05: Зміцер Лукашук: "Да Дома Ураду накіравалася калона з вайскоўцамі".
23-10: Віталь Ругайн: "Мы збягаем ад спецназу ў бок Інстытута Культуры".
23-13: Наста Манцэвіч: "Усюды ачапленне. Не вядома, куды ісці".
23-35: Ілля Маліноўскі: "Натоўп гоняць у скверык Міхайлаўскі і будуць тут пакаваць. Усё перакрылі аўтазакамі".
Пасля разгону: Як выглядае плошча, уключэнні з аўтазакаў, разгром офіса "Вясны"
23-40: Таццяна: "Нас вязуць у аўтазаку ў бок МКАД".
23-45: Ілля Маліноўскі: "Іду ля Паштамту, людзей няма толькі АМАП".
23-47: Дыяна: "Мы ў аўтазаку недзе паміж Жукава і Гурскага. Нас 35 чалавек і перад намі яшчэ 4 машыны".
00-05: Андрэй Елісееў: "Вельмі жорстка запакавалі людзей ля Гарвыканкама".
00-14: Віктар: "Мы з вялікай групай людзей едзем у аўтазаку".
00-55: Затрыманы з аўтазака: "Нам перыядычна адключаюць святло, матам лаюцца на нас".
01-05: Старшыня БХК Алег Гулак з аўтазаку: "Сядзім у аўтазаку, не ведаю дзе мы. Ехалі 7 хвілін, відаць на Акрэсціна".
Каля ізалятара на Акрэсціна стаяць хуткія дапамогі
01-25: Дар'я цудам пазбегла затрымання: Мы стаялі ля Гарвыканкама, а на плошчы людзей жудасна збівалі. Нас узялі ў каробачку але мы выбеглі на праспект пад колы аўто і збеглі".
01-37: Міхалевіч са шпіталя: "Людзі з пераломамі, у некаторых разбітая галава, накладаюць швы. Рымашэўскага затрымалі пасля аказання дапамогі".
01-50: Вольга Някляева: "Яго вывалаклі па падлозе, куды, не ведаю. Чакаю нарад міліцыі".
01-55: Віталь Ругайн каля ізалятара на Акрэсціна: "Стаяць аўтазакі і аўтобусы з людзьмі. Нам параілі зваліць адтуль. Ля Акрэсціна стаяць "хуткія".
Міхалевіча затрымаў КДБ, усіх праваабаронцаў з "Вясны" міліцыя
02-15: Андрэй Пачобут з РАУС: "Са мной затрымана каля 70 чалавек. Нас затрымалі ля Гарвыканкама. На Акрэсціна прымаць адмовіліся, бо няма месцаў".
03-19: Арцём Мартыновіч ад РАУС: "Стаяць аўтобусы з людзьмі, каментароў не даюць".
03-32: Міліцыя уварвалася на офіс Вясны. Валянцін Стэфановіч: "Мы планавалі заўтра праводзіць прэс-канферэнцыю".
03-50: Валянцін Стэфановіч і яшчэ 8 праваабаронцаў затрыманыя.
04-48: Давераная асоба Міхалевіча: "Кватэру штурмавалі. Аперацыяй кіраваў палкоўнік КДБ".
Ірына Халіп: "Я ў аўтазаку, што з Саннікавым не ведаю"
05-17: Воля затрыманая, знаходзіцца ў аўтазаку: "Мне пагражалі, што пазбавяць мацярынскіх правоў".
05-30: Ірына Халіп: "Я ў аўтазаку. Нас тут каля 25 чалавек. Цудоўная кампанія дзяўчын".
07-47: Валянцін Стэфановіч: "Была другая спроба захопу офіса "Вясны". Мы выехалі туды з Бяляцкім — офіс разгромлены".